У Дзень Волі затрыманы сябра Партыі БНФ у Наваполацку

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак У Наваполацку падчас распаўсюду віншавальных улётак, прысьвечаных Дню Волі, затрыманы сябра Партыі БНФ Аляксей Трубкін.
А 14-й гадзіне спадар Трубкін завітаў у прымальню рэктара Полацкага дзяржунівэрсытэту Зьмітра Лазоўскага, каб уручыць яму віншавальную ўлётку да Дня Волі. Рэктар сустрэў наведніка прыязна, запрасіў зайсьці ў кабінэт, а затым выклікаў студэнцкую службу аховы і работнікаў міліцыі. Неўзабаве Аляксей Трубкін быў дастаўлены ў ГАУС, дзе на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Сябар БНФ абвінавачаны ў парушэньні артыкула 173 частка 3 КоАП — распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. 12 красавіка затрыманы мусіць зьявіцца на паседжаньне адміністрацыйнай камісіі гарвыканкаму, якая вызначыць меру пакараньня.