Пратэсты апазыцыі ў Кіргістане перарастаюць у рэвалюцыю?

Юрыя Дракахруст, Прага Пратэсты апазыцыі ў Кіргістане працягваюць пашырацца. Учора сілы міліцыі і спэцназу выдалілі маніфэстантаў з будынкаў мясцовай адміністрацыі ў гарадах Джэлалабад і Ош, але пазьней прыхільнікі апазыцыі ізноў занялі адміністрацыйныя будынкі ў гэтых гарадах. У рэгіёнах, ахопленых хваляваньнямі, апазыцыя стварае паралельныя органы ўлады. Сёньня прэзыдэнт Аскар Акаеў заявіў пра неабходнасьць расьсьледаваньня інфармацыі пра парушэньні падчас нядаўніх парлямэнцкіх выбараў. Ці адбудзецца ў Кіргістане рэвалюцыя?
Учора раніцай кіргіскія сілы правапарадку паспрабавалі выдаліць з будынкаў абласных адміністрацыяў у Джэлалабадзе і Ошы прыхільнікаў апазыцыі, якія ўтрымлівалі будынкі аблаадміністрацыі амаль два тыдні.

Ня менш як 30 чалавек патрапілі ў шпіталі з раненьнямі рознай ступені цяжкасьці, дзясяткі людзей былі арыштаваныя. Паведамлялася і пра забітых, але гэтая інфармацыя пакуль не пацьверджаная.

Пазьней удзельнікі маніфэстацыяў, перагрупіраваўшыся, пайшлі на штурм будынкаў – яшчэ ўчора яны ізноў узялі пад свой кантроль джэлалабадзкую абласную адміністрацыю, сёньня – ошскую. У Джэлалабадзе маніфэстанты падпалілі будынак гарадзкой управы ўнутраных справаў, узялі пад кантроль аэрапорт і мясцовую тэлестанцыю.

Гаворыць кіраўнічка апазыцыйнай партыі “Бацькаўшчына”, былы міністар замежных справаў Роза Атунбаева.

(Атунбаева: ) “Мы ў 11 гадзінаў ўзялі кантроль над ошскай адміністрацыяй, над ўпраўленьнем унутраных справаў. Супрацоўнікі міліцыі, іншыя сілавыя структуры пераходзяць на наш бок. Гістарычныя падзеі адбываюцца ў нас ў ошскай вобласьці”.

У большасьці выступы пратэсту ахапілі пакуль поўдзень Кіргістану, хаця масавыя выступы апазыцыі назіраюцца і на поўначы, напрыклад у горадзе Талас.

Параўноўваючы падзеі ў Кіргістане з рэвалюцыяй ружаў у Грузіі і аранжавай рэвалюцыяй ва Ўкраіне, экспэрты адзначаюць, што кіргіскія ўлады кантралююць сталіцу Бішкек, дзе няма прыкметаў хваляваньняў.

Гэта падвышае шанцы кіргіскіх уладаў атрымаць перамогу і падавіць масавыя пратэсты. Аднак аглядальнік кіргіскай службы нашага радыё Эсэнбай Нарушаў падкрэсьлівае, што пратэст ў Кіргістане ня мае нейкага рэгіянальнага характару.

(Нарушаў: ) “Я не магу пагадзіцца з тым, што гэта адбываецца паводле рэгіянальных ці радавых падставаў. Элемэнты гэтага ёсьць, але на мой погляд асноўная прычына палягае ў тым, што народ і на поўдні і на поўначы жыве за мяжой беднасьці. Беднасьць, галеча – галоўны фактар, які вывеў народ на вуліцу”.

Апазыцыя патрабуе скасаваньня вынікаў нядаўніх парлямэнцкіх выбараў, якія яна лічыць сфальсыфікаванымі, а таксама дамагаецца адстаўкі прэзыдэнта Аскара Акаева.

Роза Атунбаева сьцьвярджае, што апазыцыя не задаволіцца дасягнутым.

(Атунбаева: ) “Учора ў Джэлалабадзе быў масавы пераход сілавікоў на наш бок. Міліцыянэры здымалі форму, пераапраналася ў цывільнае і станавіліся ў нашыя шэрагі. І сярод кіраўніцтва праваахоўных органаў мы маем дастатковую падтрымку. Мы ўжо ўзялі палову рэспублікі, поўдзень рэспублікі, будзем рухацца далей”.

Дэвід Льюіс зь міжнароднай крызыснай групы, якая працуе ў Бішкеку, мяркуе, што найгоршым варыянтам разьвіцьця падзеяў зьяўляецца выхад сытуацыі з-пад кантролю абодвух бакоў.

(Льюіс: ) “Магчымы сцэнар – гэта выхад сытуацыі з-пад кантролю. Зараз выглядае, што яна кантралюецца ці ўладай, ці апазыцыяй. Самы небясьпечны сцэнар – гэта страта кантролю абодвух бакоў. Магчыма, апазыцыя паспрабуе перанесьці свае акцыі ў Бішкек і дамагацца адстаўкі Акаева”.

Аглядальнік Радыё Свабода Эсэнбай Нарушаў гаворыць пра асаблівасьць падзеяў у Кіргістане, якія адрозьніваюць іх ад грузінскай і ўкраінскай рэвалюцыяў, а менавіта пра стварэньне ў кантраляваных апазыцыяй рэгіёнах паралельнай улады.

(Нарушаў: ) “Гэта ўзьнікла ў Джалабадзе. Там некалькі дзён адбываліся шматлікія мітынгі, але ніхто з прадстаўнікоў улады не пайшоў на перамовы зь іх удзельнікамі. Пасьля гэтага ўдзельнікі мітынгаў вырашылі, што трэба стварыць ўласныя органы ўлады. Потым гэтую ідэю джалабадцаў падхапілі ўсе – і ў Таласе, і ў Коч-Коры і на Ісык-Куле. Нарэшце ўчора ў Ошы было абвешчана, што ўся паўната ўлады пераходзіць да народнай ўлады. Паводле апошніх дадзеных на яе бок перайшло кіраўніцтва ўнутраных справаў”.

Пакуль на думку апазыцыі выйсьцем з крызысу зьяўляюцца наўпроставыя перамовы з уладай. Да гэта заклікаюць АБСЭ і Злучаныя Штаты.

Гаворыць лідэр Народнага руху Кіргістану, былы прэм’ер-міністар Курманбэк Бакіеў.

(Бакіеў: ) “Як выходзіць з гэтай сытуацыі? Для гэтага трэба, каб наш прэзыдэнт спадар Акаеў нарэшце сасьпеў для размовы з апазыцыяй, каб разрадзіць гэтую напружаную сытуацыю”.

Пра гэтым апазыцыя бачыць сваім партнэрам па перамовах толькі кіраўніка дзяржавы. Гаворыць супрацоўнік кіргіскай службы Радыё Свабода Эсэнбай Нурушаў.

(Нарушаў: ) “Прэм’ер Танаеў прапанаваў неадкладна пачаць перамовы, але лідэры апазыцыі пакуль адхіляюць гэтую прапанову. Яны кажуць, што гатовыя мець справу толькі з прэзыдэнтам Акаевым. Адзін зь лідэраў апазыцыі Курманбэк Бакіеў сказаў, што весьці размовы з падначаленымі прэзыдэнта – гэта марнаваньне часу”.

Намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Балот Джаназакаў тлумачыць пазыцыю ўладаў наступным чынам:

(Джаназакаў: ) “Зразумела, прэзыдэнт гатовы да перамоваў, прэм’ер-міністар гатовы да перамоваў. Але каб весьці перамовы, патрэбныя пэўныя ўмовы. Калі людзі захопліваюць будынкі, робяць разбурэньні і падпалы, як можна весьці перамовы? Гэтыя дзеяньні павінны быць спачатку спыненыя, тады будзе магчыма весьці перамовы”.

А вось погляд на сытуацыі лідэра партыі “Бацькаўшчына” Розы Атунбаевай:

(Атунбаева: ) “У нас зараз няма прадмету для перамоваў. Мы патрабуем адстаўкі прэзыдэнта”.

На пэрспэктывы перамоўнага сцэнару скептычна глядзіць і замежны экспэрт Дэвід Льюіс.

(Льюіс: ) “Я мяркую, што кампрамісу зараз вельмі цяжка дасягнуць, асабліва ў пытаньні палітычнага лёсу Акаева. Гэта цяжка таму, што невядома ці здолее апазыцыя пераканаць удзельнікаў акцыяў пратэсту прыняць такі кампраміс. Гэта кепская сытуацыя для пачатку любых сур’ёзных перамоваў”.