Многія прадпрымальнікі Рэчыцы ды Сьветлагорску працягваюць страйк

Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць Нягледзячы на агульны спад пратэстнага настрою, многія прадпрымальнікі Рэчыцы ды Сьветлагорску працягваюць страйк. Іншыя гандляры спадзяюцца на працу ў Расеі.
У Рэчыцы сёньня на Славянскім рынку працавала ня больш за траціну дробных гандляроў. Распавядае лідэр мясцовых прадпрымальнікаў Леанід Невар, які нядаўна выйшаў на волю пасьля 10-суткавага арышту:

(Невар: ) “Рынак працуе ў нас сёньня працэнтаў на 25–30. Астатнія ў будзённыя дні на працу не выходзяць, гандлююць толькі ў суботу і нядзелю. Настрой у людзей кепскі. Канчаткова няясна, наколькі будуць улічаны патрабаваньні дробных бізнэсоўцаў. Больш за тое, улады сталі закручваць гайкі. Для прадпрымальнікаў, што арандуюць гандлёвыя плошчы ў Доме быту, адміністрацыя падвысіла арэндную плату амаль у тры разы — з 2,3 да 6 эўра за мэтар квадратны. І многія вымушаны падпісваць новыя дамовы: баяцца застацца бяз працы”.

У Сьветлагорску паўпустуе ў гэтыя дні Першамайскі рэчавы рынак. Некаторыя гандляры накіраваліся ў Польшчу, каб там набыць тавар для вясновага сэзону. Іншыя чакаюць вынікаў перамоўнага працэсу ў сталіцы паміж дробнымі бізнэсоўцамі і прадстаўнікамі ўраду. У абласным цэнтры толькі асобныя прадпрымальнікі працягваюць падтрымліваць акцыю пратэсту.

(Прадпрымальнік: ) “Асабіста я буду страйкаваць месяц, прычым бяз выплаты падатку. Я не плаціў таксама за камунальныя плацяжы. Аддаў грошы толькі за тэлефон, каб не адключылі. Нават зайцам ежджу ў тралейбусе”, — сьцьвярджае гомельскі прадпрымальнік Уладзімер.

У асяродку тых, хто аднавіў працу ў абласным цэнтры, пануе пэсымістычны настрой. Вось што кажуць маладыя жанчыны-прадпрымальніцы з Цэнтральнага рынку:

(Спадарыня: ) “Калі разарымся, сыдзем адсюль. У Расею паедзем гандляваць”.

(Спадарыня: ) “Празь месяц будзем думаць, чым заняцца. У Расею паедзем на працу, калі тут ня знойдзем”.

Гэтак мяркуюць гомельскія прадпрымальніцы, якія аднымі зь першых аднавілі працу пасьля страйку.