На Гомельшчыне ўлады і КДБ запалохваюць паасобных удзельнікаў страйку

Казімір Яноўскі, Гомель Сёньня ў Гомелі прадпрымальнікі зноўку пікетавалі будынак абласнога выканаўчага камітэту. Гучалі патрабаваньні адмяніць падатак на даданую вартасьць і вызваліць зарыштаванага лідэра аб`яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанку. З Гомеля перадае наш карэспандэнт.
Сёньня пікетоўцы ў адрозьненьне ад учарашняга не стаялі моўчкі каля аблвыканкаму. Яны скандавалі: “Працу”, “Далоў падатак на даданую вартасьць”, “Свабоду Шумчанку”. Аднак дыялёгу паміж страйкоўцамі і кіраўнікамі аблвыканкаму не адбылося. Ніхто не паінфармаваў пікетоўшчыкаў, як вырашаюцца і ці вырашаюцца наагул усе іншыя пытаньні, узьнятыя прадпрымальнікамі на сустрэчы ў аблвыканкаму яшчэ да пачатку страйку. У прыватнасьці, пытаньні зьмяншэньня адзінага падатку, адмены на некаторыя тавары сэртыфікаваньня ды гігіенічнай рэгістрацыі, стварэньня аптовага рынку.

Праўдападобна, улады перайшлі да тактыкі расколу і запалохваньня паасобных лідэраў у асяродку прадпрымальнікаў.

Распавядае кіраўнік гарадзкой суполкі Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Тацяна Марчанка.

(Марчанка: ) “Раніцаю мне патэлефанаваў на мабільны тэлефон падпалкоўнік управы ўнутраных спраў Сіліванаў і ў жорсткім тоне заявіў: калі я буду зарганізоўваць беспарадкі ў горадзе, то я панясу пакараньне”.

А 17-й гадзіне Тацяну Марчанку выклікалі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі.

Уладзімкр Няпомняшчых у сваю чаргу паведаміў, што ягоную пэрсонай цікавіліся спэцслужбы:

(Няпомняшчых: ) “Да мяне дайшла інфармацыя, што мною цікавіўся КДБ: чаму гэта я напісаў заяву не на адпачынак, а ў сувязі са страйкам”.

Шэраг прадпрымальнікаў атрымалі позвы ў падатковыя інспэкцыі. Вось што паведаміла нашаму радыё гандлярка Натальля з Давыдаўскага рынку, які знаходзіцца ў Савецкім раёне Гомеля:

(Натальля: ) “Нас па адным запускалі ў кабінэт падатковай інспэкцыі і папярэджвалі: альбо вы плаціце падаткі, альбо адмаўляецеся працаваць, і тады вашы дакумэнты накіроўваюцца на ліквідацыю ў выканкам. Забірайце ралеты і нясіце іх на плячах куды заўгодна”.

Запалохвалі міліцыянты і страйкоўцаў Рэчыцы. Асабіста начальнік рэчыцкай міліцыі Ўладзімер Манжос папярэджваў страйкоўцаў на рынку: калі яны наважацца ісьці да будынку райвыканкаму, каб пікетаваць яго, арганізатары будуць арыштаваны на 15 сутак.

У Рагачове таксама страйкуе пераважная большасьць дробных гандляроў. Сёньня рагачоўскія прадпрымальнікі перадалі намесьніку старшыні райвыканкаму Ігару Качарзе свае патрабаваньні наконт паляпшэньня эканамічных умоваў працы.