Vox Populi: “Ці магчыма ў Беларусі раскрыцьцё палітычных зьнікненьняў?”

Галіна Абакунчык, Менск Улады Украіны арыштавалі трох чалавек, падазраваных у выкраданьні і сьмерці ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ. Мяркуецца, што яны не былі забойцамі, але дакладна прысутнічалі на месцы злачынства. Прадстаўнікі вышэйшых уладаў Украіны заяўляюць, што намераныя знайсьці непасрэдных выканаўцаў забойства, а таксама тых, хто замовіў зьнішчэньне журналіста. Ці магчыма раскрыцьцё палітычных зьнікненьняў у Беларусі? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.
(Карэспандэнтка: ) “Ці магчыма ў нас поўнае дасьледаваньне ўсіх палітычных зьнікненьняў?”

(Спадар: ) “Пры цяперашняй уладзе дасьледаваньне зьнікненьня людзей немагчымае, бо чыноўнікі адзін другога прыкрываюць”.

(Спадарыня: ) “У нас? Немагчыма. У нас увогуле нічога не магчыма ў нашай дзяржаве”.

(Спадар: ) “Гэта будзе вельмі складаная справа. Трэба будзе браць усе рэпрэсіі ад 37-га году і паступова, крок за крокам пераходзіць да нашых дзён”.

(Спадарыня: ) “Я ўпэўненая, што ў вярхах гэтыя справы ўжо дасьледаваныя, альбо ёсьць нейкія спробы. Але гэтым людзям не дадуць нічога сказаць, гэтых людзей запужваюць. У нашай краіне гэта было, ёсьць і будзе і таму ў нас пра ўсё даведваюцца праз некалькі гадоў, калі гэта робіцца не такім важным, калі людзі пачынаюць пра гэта забываць”.

(Спадар: ) “Канечне, пасьля Аляксандра Рыгоравіча. Пакуль ёсьць Аляксандр Рыгоравіч – нічога ня будзе”.

(Спадарыня: ) “А хто заказчык? Калі сама вярхушка ўлады, дык натуральна, што ня будзе ніякіх дасьледаваньняў. Не мы ж такія злачынствы замаўляем”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што гэта было патрэбна нейкаму высокапастаўленаму чыноўніку. Варыянт таго, што прапажы людзей будуць дасьледаваныя, то гэта адбудзецца толькі праз некалькі год, калі гэты чыноўнік сыдзе ў адстаўку й яму будзе ўсё роўна”.

(Спадар: ) “Пры цяперашнім палітычным ладзе нічога зрабіць немагчыма. Патрэбна змагацца”.

(Спадар: ) “Я лічу, што пры цяперашняй уладзе такія дасьледаваньні немагчымыя. Што зараз улада ператварылася ў жорсткі рэжым адносна свайго народу. Калі ён лічыць, што мы не народ, то мы лічым, што ён не прэзыдэнт”.