Прадстаўнікі апазыцыі станоўча ацэньваюць вынікі браціслаўскага саміту

Валер Каліноўскі, Менск Апазыцыйныя палітыкі ў Беларусі пазытыўна ацэньваюць вынікі браціслаўскага саміту кіраўнікоў ЗША і Расеі. Рэакцыі Аляксандра Лукашэнкі і ўраду Беларусі на ўчорашнія заявы Джорджа Буша аб дэмакратызацыі Беларусі і вынікі браціслаўскага саміту кіраўнікоў ЗША і Расеі пакуль няма.
(Савіных: ) “Мы ня лічым неабходным камэнтаваць гэтыя словы, гэтая тэма ўжо атрымала дастаткова шырокае асьвятленьне ў СМІ, і няма сэнсу яе яшчэ дапаўняць”, — сказаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі пра ўчорашнія заявы прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша наконт Беларусі.

Тым часам, беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы працягваюць камэнтаваць браціслаўскі саміт. Дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў у складзе беларускай групы грамадзкіх лідэраў працягвае знаходзіцца ў Браціславе. Сёньня ў беларусаў былі рабочыя сустрэчы зь дзеячамі са Славаччыны і іншых краінаў з мэтай рэалізацыі тых ідэяў, што там абмяркоўваліся ў папярэднія дні — на міжнароднай канфэрэнцыі і падчас кантактаў з ўладамі Славаччына, ЗША, у тым ліку і з прэзыдэнтам Джорджам Бушам.

Спадар Манаеў перакананы, што Ўладзімер Пуцін успрыняў заклік Джорджа Буша адносна дэмакратыі ў постсавецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі.

(Манаеў: ) “Я ведаю напэўна, што падчас перамоваў Буша і Пуціна былі дзьве галоўныя тэмы на парадку дня: першая — праблемы бясьпекі, барацьба з тэрарызмам, а другая — якраз дэмакратыя. І ў рамках абмеркаваньня другога пытаньня, наколькі мне вядома, пытаньне пра Беларусь і іншыя краіны СНД уздымалася. Першая рэакцыя Пуціна на гэта была напружанай. Але Пуцін — чалавек разумны і высновы з падзеяў ва Ўкраіне ён робіць. Цяпер Пуцін у даволі складаным становішчы, і я мяркую, што ён успрыме частку таго, аб чым яму казаў амэрыканскі прэзыдэнт”.

Паводле Алега Манаева, падчас размовы, якая праходзіла ў Буша з Пуціным, выкарыстоўвалася тая інфармацыя, якую амэрыканскі лідэр атрымаў ад гутаркі з грамадзкімі актывістамі з краінаў нашага рэгіёну, у тым ліку і прадстаўнікамі Беларусі.

(Манаеў: ) “Мне падаецца, што гэта было нешта новае для яго. Таму я думаю, што ў цэлым вынік сустрэчы Буша і Пуціна менавіта па пытаньні дэмакратыі будзе хутчэй станоўчы, чым адмоўны”.

Удзел групы беларускіх дзеячоў у браціслаўскіх падзеях спадар Манаеў назваў плённым.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Ганчарык таксама ўпэўнены ў выніковасьці ўплыву Джорджа Буша на Ўладзімера Пуціна ў пляне стаўленьня да дэмакратыі ў Беларусі:

(Ганчарык: ) “Ёсьць некалькі ўмоваў, якія павінны прывесьці да дэмакратыі ў Беларусі: па-першае, гэта сам народ Беларусі, па-другое, патрэбная дапамога, з боку Расеі, Эўропы і Амэрыкі. І вось Амэрыка можа паўплываць і непасрэдна, і праз гэтыя краіны, у першую чаргу, праз Расею”.

Уладзімер Ганчарык перакананы, што заявы міжнародных лідэраў павінны перарасьці ў новую якасьць дзеяньняў адносна палітычнай улады ў Беларусі, і таму апазыцыі трэба актыўна рыхтавацца да будучых прэзыдэнцкіх выбараў. А Станіслаў Шушкевіч лічыць, што пазыцыя Буша сьведчыць, што ён актыўна выконвае абавязкі перад Кангрэсам, унесеныя ў “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Праўда, у спадара Шушкевіча ёсьць сумненьні што да магчымасьці ягонага ўплыву на пазыцыю Ўладзімера Пуціна.

(Шушкевіч: ) “Мне спадабалася, што там падчас сустрэчы з Бушам былі дзьве жанчыны зь Беларусі, што была адзначаная пазыцыя, што ўрэшце там была простая заява чалавека, які многа значыць у сьвеце. Думаю, што гэта павінна мець уплыў. Але баюся, што не было ніякай гаворкі на нашую тэму з кіраўніком Расеі, бо Пуцін сказаў, што яны ідуць да дэмакратыі. Калі яны будуць так ісьці, дык мы далёка ня зойдзем. Таму што яны будуць нам ва ўсялякім разе перашкаджаць”.