Дробныя бізнэсоўцы Прудкоўскага рынку таксама вырашылі спыніць сваю працу з 1 сакавіка

Казімер Яноўскі, Гомель На кароткім сходзе, што адбыўся на Прудкоўскім рынку, прадпрымальнікі вырашылі спыніць працу з 1 сакавіка. Пасьля папераджальнага страйку з прычыны ўвядзеньня падатку на даданую вартасьць прайшло амаль два тыдні, аднак з боку мясцовай улады ніякай рэакцыі няма.
Гаворыць лідэр гарадзкой арганізацыі Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Тацяна Марчанка:

(Марчанка: ) “Да гэтага часу, да сёньняшняга дня нашы ўлады не парупіліся сустрэцца з прадпрымальнікамі й пагаварыць пра гэтую праблему”.

Рашучасьць прадпрымальнікаў выклікана надзвычай цяжкімі ўмовамі працы дробных бізнэсоўцаў. Вось што сказала з гэтай нагоды прадпрымальніца, якая назвалася Ніна Іосіфаўнай:

(Ніна Іосіфаўна: ) “Будзем страйкаваць. Немагчыма. Мы не апраўдаваем таго, што аддаём дзяржаве. І яшчэ падатак на даданую вартасьць уводзяць. Сёньня я прыйшла на працу ў 9 гадзінаў раніцы і яшчэ нічога не прадала, нават на 10 рублёў не нагандлявала. Нас задушылі падаткамі. Мы ня можам сваіх дзяцей пракарміць, ня кажучы ўжо пра тое, каб адзецца ды абуцца”.