Кандаліза Райс: “Беларусь – гэта нарыў у цэнтры Эўропы”

Юры Дракахруст, Прага “Беларусь – гэта нарыў у цэнтры Эўропы, зважаючы на ўсё, што адбываецца там” – такое вызначэньня дала дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс на нядаўніх кангрэсавых слуханьнях, якія былі прысьвечаныя Расеі.
Спадарыня Райс заявіла, што Злучаныя Штаты спрабуюць спрыяць грамадзянскай супольнасьці і недзяржаўным арганізацыям Беларусі. Яна падкрэсьліла, што беларусам вельмі цяжка дзейнічаць у тых умовах, якія склаліся ў іх краіне.

Зьвяртаючыся да ўкраінскага досьведу, дзяржсакратар ЗША сказала, што яна была ўражаная моцай грамадзянскай супольнасьці ва Ўкраіне. Паводле яе, гэта стала сьведчаньнем цяжкой працы недзяржаўных арганізацыяў, ня толькі амэрыканскіх, але і эўрапейскіх і іншых.

(Райс: ) “Гэта таксама стала трыюмфам чалавечага духу, які нягледзячы на ўсе цяжкасьці апошніх гадоў, заставаўся на Ўкраіне жывым. Я мяркую, нашай надзеяй і нашай мэтай будзе высьветліць, ці справядліва гэта і для Беларусі”.