Прадстаўнік “Саюзросцукру”: “Нельга па-сяброўску пахлопваць суседа і адначасова залазіць у ягоную кішэню”

Міхал Стэльмак, Менск На гэтым тыдні Беларусь і Расея прадоўжаць захады па ўрэгуляваньні так званага “цукровага” канфлікту. На мінулым тыдні бакі абмяняліся ўзаемнымі абвінавачваньнямі наконт яго прычынаў: Масква цьвердзіць, што Беларусь ажыцьцяўляе несанкцыянаваныя пастаўкі на расейскі рынак свайго цукру, а Менск заяўляе, што Расея падрывае партнэрскія дамоўленасьці ў рамках Саюзнай дзяржавы – у прыватнасьці, прынцып свабоднага гандлю.
Напрыканцы мінулага тыдня “цукровы” канфлікт быў разгледжаны на паседжаньні адмысловай рабочай групы, створанай пры камісіі ў пытаньнях тарыфнага і нетарыфнага рэгуляваньня Савета міністраў Саюзнай дзяржавы.

Паседжаньне гэтай групы праходзіла ў Маскве. Беларусь на перамовах прадстаўляла група, у якую ўваходзілі чыноўнікі шэрагу міністэрстваў, а таксама кіраўнікі беларускіх цукровых заводаў. Ад Расеі на перамовах прысутнічалі чыноўнікі міністэрстваў эканамічнага разьвіцьця і сельскай гаспадаркі, прадстаўнікі дзелавых колаў, што займаюцца цукровым бізнэсам, а таксама кіраўнікі Саюзу цукравытворцаў Расеі. Я нагадаю, што менавіта гэтая арганізацыя, больш вядомая як “Саюзросцукар”, і ініцыявала дэталёвае дасьледаваньне “цукровых” узаемадачыненьняў Беларусі і Расеі, якія зараз атрымалі гучны рэзананс на міждзяржаўным узроўні.

Што тычыцца вынікаў апошніх беларуска-расейскіх перамоваў па цукровым пытаньні, то вось што пра гэта паведаміў мне намесьнік кіраўніка “Саюзросцукру” Сяргей Міронаў:

(Міронаў: ) “Асабліва пахваліцца няма чым. Мы вельмі марудна ідзем да выпрацоўкі рашэньняў, што не на карысьць ні беларускаму, ні расейскаму боку. Дамовіліся, што два бакі падрыхтуюць праекты дакумэнтаў, якія будуць абмяркоўвацца на бліжэйшым паседжаньні рабочай групы. Рабочая група пасьля разгляду павінна вынесьці гэтыя дакумэнты на бліжэйшае паседжаньне Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое заплянавана на 15 сакавіка. Сутнасьць нашых рознагалосьсяў у тым, што нельга па-сяброўску пахлопваць суседа і адначасова залазіць у ягоную кішэню”.

А як ацэньваюць вынікі апошніх перамоваў прадстаўнікі Беларусі? Ад беларускіх удзельнікаў мне ня ўдалося атрымаць камэнтары пра гэтыя перамовы, паколькі яны вярнуліся з Масквы ў выходныя і толькі сёньня зьявяцца на працоўных месцах. Разам з тым, як мне патлумачылі ва ўрадавых структурах, беларускія афіцыйныя асобы наўрад ці будуць публічна абмяркоўваць “цукровыя” супярэчнасьці з расейцамі. Найперш таму, што гэтае пытаньне знаходзіцца пад асабістым кантролем Аляксандра Лукашэнкі.

Я нагадаю, што ў суботу Лукашэнка падчас удзелу ў спартовым сьвяце “Менская лыжня-2005”, камэнтуючы журналістам “цукровы” канфлікт з Расеяй, адхіліў абвінавачаньні Масквы ў несанкцыянаваных пастаўках беларускага цукру на расейскі рынак. Паводле ягоных зьвестак, Беларусь паставіла ў Расею ўсяго 200 тысяч тон цукру. Канфлікт, на яго думку, справакаваны, як ён заявіў, “невытлумачальнай палітыкай асобных людзей у Расеі”. Прэзыдэнт падкрэсьліў, што Беларусь дзейнічае як добрасумленны партнэр. Як вынікае з тлумачэньня Лукашэнкі, ва ўмовах адзінай эканамічнай прасторы з расейцамі беларускія цукравытворцы больш канкурэнтназдольныя.

Расейцы з такім тлумачэньнем цукровых супярэчнасьцяў між дзьвюма дзяржавамі не пагаджаюцца. Найперш, з аб’ёмам беларускіх паставак цукру ў Расею. Расейскі Інстытут каньюнктуры аграрнага рынку ўпэўнены, што летась Беларусь паставіла ў Расею ня 200 тысяч тон цукру, як сьцьвярджае Лукашэнка, а 430 тысяч тон цукру. У прыватнасьці, вось што паведаміў мне на гэты конт адзін з вядучых аналітыкаў гэтага Інстытуту Яўген Іваноў:

(Іваноў: ) “Сутнасьць канфлікту ў тым, што Беларусь усе апошнія гады займаецца своеасаблівым бізнэсам. Ёсьць афіцыйныя лічбы Дзяржкамстатаў Беларусі і Расеі, а таксама СНД, паводле якіх аб’ёмы паставак беларускага цукру ў Расею вельмі вялікія. Калі Беларусь спажывае 350 тысяч тон цукру, а вырабляе 800 тысяч, то лішкі пастаўляюцца, вядома, у Расею. Няўжо яго беларускія гаспадыні складваюць у сябе на кухнях? Уся розьніца паехала ў Расею”.