З вудара і дудара ня будзе гаспадара

Леанід Дранько-Майсюк, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
З вудара і дудара ня будзе гаспадара. Так звычайна ў Давыд-Гарадку характарызуюць тых людзей, якія лянуюцца, якія ўхіляюцца ад цяжкое работы…

Паводле народнай традыцыі, па-сапраўднаму працуе той, хто арэ поле, будуе хату, шые боты, вырабляе скуры – словам, той, хто робіць нешта істотнае.

А той, хто ходзіць з паляўнічаю стрэльбаю, грае на дудзе або стаіць сабе з раніцы да вечара на беразе ракі з вудаю – работнік малы, а то й зусім лайдак…

Памятаю, як у рэдакцыі паэзіі выдавецтва “Мастацкая літаратура”, у годзе 84-м, мы весела згадвалі народныя вершыкі пра лайдацтва. Якраз ішла праца над фальклёрнаю кніжкаю Валянціна Рабкевіча “Паслухай, што людзі кажуць”. Рэдагуючы гэты зборнік, паэт-гумарыст Рыгор Яўсееў прапанаваў Рабкевічу занатаваць: “Стралец страляе ж у кусты – дым густы, абед пусты!” А я прапанаваў Рабкевічу, вядома ж, сваё, давыд-гарадоцкае: з вудара і дудара ня будзе гаспадара.