Грэмі: Найлепшы альбом году – “American Idiot” рок-гурту “Green Day”

Юрась Бушлякоў, Прага Легенда музыкі соўл, знакаміты амэрыканскі музыкант Рэй Чарлз пасьмяротна атрымаў адразу восем “Грэмі” – у Лос-Анджэлесе адбылася цырымонія ўручэньня прэстыжных у музычным сьвеце прэміяў “Грэмі”. Памерлага летась Рэя Чарлза ўганаравалі, у прыватнасьці, за найлепшы запіс і найлепшы альбом году.
Удзельнікі 47-й цырымоніі ўручэньня “Грэмі” аддалі даніну памяці Рэю Чарлзу. Запісаны музыкам незадоўга да сьмерці альбом “Genius Loves Company” прызнаны “Альбомам году”. Песьню зь яго “Here We Go Again”, якую Чарлз выканаў у дуэце з Нораю Джоўнз, журы “Грэмі” назвала найлепшым запісам году й найлепшай сумеснай вакальнай поп-кампазыцыяй. Джоўнз, прымаючы на цырымоніі супольную з Чарлзам узнагароду, ледзьве стрымлівала сьлёзы:

(Джоўнз: ) “Я думаю, гэта якраз паказвае, якой цудоўнай можа быць музыка. Гэта на 100 працэнтаў з Рэем Чарлзам”.

Найлепшым рок-альбомам году прызнаны бунтоўна-палітызаваны “American Idiot” каліфарнійскага панк-рок-гурту “Green Day”. “Не хачу быць амэрыканскім ідыётам”, – пранізьліва высьпеўвае вакаліст гурту Білі Джо Армстранг. У загалоўнай песьні альбому Злучаныя Штаты ён называе “нацыяй, кантраляванай мэдыямі”, а атмасфэру, што ўсталявалася ў ЗША пасьля верасьня 2001-га, “часам паранойі”.

У тэкстах “Green Day” хапае табуяванае лексыкі – вострых, перчаных слоўцаў, трансьляцыі якіх у эфір не дапускае амэрыканскае заканадаўства. Вось жа, каб унікнуць цэнзураваньня, музыкі гурту пагадзіліся абысьціся бяз гэтай лексыкі ў часе цырымоніі “Грэмі”.

Прымаючы прэмію, Білі Джо Армстранг пацьвердзіў палітычны характар альбому:

(Армстранг: ) “Дзякуй вялікі. Мы ведаем, што рок-н-рол можа быць адначасна і небясьпечным, і забаўным. Дык жа вялікі вам дзякуй”.

Па тры ўзнагароды “Грэмі” на цырымоніі ў Лос-Анджэлесе былі ўручаныя рэп-музыку Кэйні Ўэсту, блюзмэну Ашэру, гурту “U2” і памянёнай вышэй Норы Джоўнз.

Упершыню ў сваім жыцьці прэстыжнай прэміяй уганараваная Брытні Сьпірз – за песьню “Toxic”, названую найлепшай танцавальнай кампазыцыяй.

Другую ў сваёй кар’еры “Грэмі” атрымаў экс-прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан – яго адзначылі за аўдыявэрсію аўтабіяграфіі “Маё жыцьцё”.

У часе цырымоніі музыкі прэзэнтавалі свой дар ахвярам сьнежаньскай прыроднай катастрофы ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Суквецьце зорак, у тым ліку Бона Вокс, Стыві Ўандэр, Алісія Кейс і Стывэн Тэйлар, выканалі новую вэрсію бітлзавай песьні “Across the Universe”. Даход ад продажу праз Інтэрнэт гэтай кампазыцыі музыкі ахвяруюць на дапамогу пацярпелым ад цунамі.