Цытаты мінулага – 11 лютага

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 11 лютага.
“Калгаснік Беларусі”, 1935 год:

“Будаўніцтва маскоўскага метро праходзіла ўдарным парадкам. Пад кіраўніцтвам партыі і кіраўніка маскоўскіх бальшавікоў тав. Л.М.Кагановіча пабудавана першая чарга метро. 4 і 5 лютага пробны поезд метро прайшоў па ўсяму шляху. Былі іспытаны і правераны ўсе пуці першай чаргі, абсталяванне станцый і т.д. Усё аказалася ў парадку. У бліжэйшы час маскоўскі метро будзе пушчан. Большэвікі стварылі свой метро. Совецкая краіна пад кіраўніцтвам вялікага Сталіна заваявала новую буйную перамогу”.

“Сталинская молодежь”, 1955 год:

“Сёньня ў роднай сталіцы пачынаецца дэкада мастацтва і літаратуры Савецкай Беларусі. Пасланцы нашай рэспублікі прадэманструюць масквічам посьпехі беларускай культуры, якія дасягнуты пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі, пакажуць, як пад дабрадзейным уплывам культуры вялікага расейскага народу і пры ягонай пастаяннай дапамозе вырасьлі і ўмацаваліся тэатральнае, музычнае і выяўленчае мастацтва нашага народу, беларуская літаратура”.

“Магілёўскія ведамасці”, 1995 год:

“Завяршыўся афіцыйны візыт старшыні БНФ Зянона Пазьняка ў Вялікабрытанію. Па вяртаньні лідэр БНФ правёў прэсавую канфэрэнцыю. Падчас яе Зянон Пазьняк нэгатыўна выказаўся аб ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум па пытаньнях дзяржаўнай сымболікі, дзьвюхмоўнасьці, інтэграцыі з Расеяй. На ягоную думку, Прэзыдэнт выконвае палітычную замову суседняй краіны, скіраваную супраць нашай незалежнасьці. Пазьняк папярэдзіў, што калі гэтыя захады будуць працягвацца, то БНФ возьмецца за арганізацыю рэфэрэндуму аб даверы Прэзыдэнту”.