Са сьледчага ізалятару выйшаў на волю Міхаіл Крывамаз, былы дырэктар Менскага заводу імя Кастрычніцкай рэвалюцыі

Алег Грузьдзіловіч, Менск Экс-дырэктара заводу імя Кастрычніцкай рэвалюцыі Міхаіла Крывамаза вызвалілі са сьледчага ізалятару. А для былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта Галіны Жураўковай вызначаная калёнія, у якой яна будзе адбываць пакараньне.
Міхаіл Крывамаз быў затрыманы пры канцы студзеня і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар менскай гарадзкой міліцыі. Як паведамілі ў гарадзкой пракуратуры, у выніку Міхаілу Крывамазу гэтак і не прад’явілі абвінавачаньня і адпусьцілі на волю. Гэтыя зьвесткі пацьвердзіў загадчык сьледчага аддзелу пракуратуры Сяргей Іваноў.

(Іваноў: ) “Нічога зь яго не зьнялі, бо нічога яму і не прад’яўлялі. Ён застаецца падазраваным, расьсьледаваньне справы працягваецца”.

Паводле зьвестак, былы дырэктар заводу імя Кастрычніцкай рэвалюцыі Міхаіл Крывамаз падазраецца ў крадзяжы праз злоўжываньне службовым становішчам. Вінаватым ён сябе не прызнае і тлумачыць падазрэньні памылкай сьледчых. Міхаіл Крывамаз, які быў сузаснавальнікам Грамадзянскай партыі й сябрам арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва” пад кіраўніцтвам Міхаіла Марыніча, не камэнтуе вэрсію пра палітычны перасьлед і ўвогуле пазьбягае кантактаў з журналістамі.

Пакуль ніяк не пракамэнтавала вынесенага ёй прысуду і былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова. З прычыны хваробы яе не было ў судзе, калі агалошвалі прысуд ёй і чатыром яе саўдзельнікам з прадпрыемства “Белая Русь”.

Між тым, кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімер Коўчур перакананы, што Галіна Жураўкова калёніі не пазьбегне. “Пасьля выздараўленьня Жураўкова будзе этапаваная ў адну зь дзьвюх жаночых калёніяў у Гомельскай вобласьці”, — заявіў, паводле агенцтва “Інтэрфакс”, Уладзімер Коўчур. Галіна Жураўкова была прызнаная вінаватай у крадзяжы больш як 3 мільёнаў даляраў і асуджаная на 4 гады зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Летась у сьнежні быў арыштаваны старшыня Дзяржкамавіацыі Фёдар Іваноў. Яму прад’явілі абвінавачаньне ў службовым злоўжываньні, а пазьней выпусьцілі пад падпіску пра нявыезд. Фёдар Іваноў дагэтуль узначальвае камітэт авіяцыі, ён нават прысутнічаў на антыкарупцыйнай нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, якая адбылася 8 лютага. Але, паводле зьвестак, у хуткім часе ад гэтай пасады яго могуць адхіліць. Прэсавы сакратар рэспубліканскай пракуратуры Юры Азаронак пацьвердзіў, што адпаведная прапанова ўжо зробленая.

(Азаронак: ) “Учора генэральны пракурор прапанаваў адхіліць яго ад пасады”.

Сьледчыя органы Беларусі працягваюць расьсьледаваньні іншых гучных справаў: былога дырэктара аб’яднаньня “Нафтан” Канстанціна Часнавіцкага, былога дырэктара Менскага падшыпнікавага заводу Валера Пензы ды іншыя. Пра вынікі гэтых расьсьледаваньняў афіцыйна не паведамляюць.