Амбасадар ЗША прамаўляў на ўрачыстасьцях у Косаве на беларускай мове

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць На Берасьцейшчыне адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 259-х угодкаў з дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі – нацыянальнага героя Беларусі, ЗША і Польшчы, ганаровага грамадзяніна Францыі, вядомага палітычнага і вайсковага дзеяча Рэчы Паспалітай.
Штогод 4 лютага на радзіму Тадэвуша Касьцюшкі, у былы фальварак Мерачоўшчына каля Косава, прыяжджаюць прадстаўнікі дыпляматычных місіяў, акрэдытаваных у Беларусі, супрацоўнікі мясцовых органаў улады і звычайныя грамадзяне.

Сёлетнія ўрачыстасьці адбываліся ўпершыню пасьля таго, як восеньню мінулага году была адноўленая сядзіба сям’і Касьцюшкаў. За апошнія два гады, акрамя грошай з абласнога бюджэту, на аднаўленьні сядзібы былі выкарыстаныя і сродкі замежных дзяржаваў. Больш за 28 тысячаў даляраў на гэтыя мэты ахвяравала амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі.

Плянуецца, што ў сядзібе будзе разьмешчаны музэй Тадэвуша Касьцюшкі, але пакуль для адкрыцьця паўнавартаснай экспазыцыі не хапае гістарычных дакумэнтаў ды іншых рэчаў, якія б нагадвалі пра жыцьцёвы лёс ураджэнца берасьцейскай зямлі.

У часе свайго выступу амбасадар ЗША Джордж Крол зазначыў, што ідэалы свабоды, якія абараняў Касьцюшка, сугучныя з тымі ідэаламі, за якія сёньня аддаюць свае жыцьці амэрыканскія жаўнеры, выконваючы вайсковы абавязак за межамі сваёй краіны.

Як і летась прамова спадара Крола прагучала па-беларуску, а вось жыхары Івацэвіцкага раёну сёньня ўпершыню пачулі выступ на роднай мове старшыні мясцовага райвыканкаму Віталя Дзьмітраніцы.

Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі ладзіліся ня толькі ў мясьцінах, дзе ён зьявіўся на сьвет. Памяць пра славутага змагара за свабоду была ўшанаваная 4 лютага і ў Жабінкоўскім раёне. Тут, у вёсцы Малыя Сяхновічы, якая ў XVII стагоддзі была родавай сядзібай Касьцюшкаў, знаходзіцца адзіны ў Беларусі помнік нашаму земляку, а ў мясцовай школе адчынены музэйны пакой. У вёсцы Чыжэўшчына ўдзельнікі імпрэзаў наведалі мэмарыяльную капліцу, пабудаваную ў гонар удзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1794 году, якім кіраваў Тадэвуш Касьцюшка. Капліца таксама зьявілася толькі летась, у той час як памяць пра Аляксандра Суворава, чые войскі задушылі паўстаньне, захаваная ў назвах установаў і вуліцаў многіх беларускіх гарадоў.

фота © К. Шастоўскі (radzima.org). Мэмарыяльны крыж на месцы былой сядзібы Касьцюшкаў, 2003. Cядзіба спаленая савецкімі партызанамі падчас Другой сусьветнай вайны