Зорка аўстрыйскага спорту Вольфганг Шварц меў дачыненьне да нелегальнага трафіку ўсходнеэўрапейскіх жанчын на Захад

Ул. інф. Алімпійскі чэмпіён 1968 году па фігурным катаньні аўстрыец Вольфганг Шварц ізноў абвінавачваецца ў гандлі жанчынамі з былых савецкіх краінаў. Зьяўляючыся ўладальнікам некалькіх заходніх мадэльных агенцтваў, Шварц неаднойчы прыяжджаў на кастынгі прыгажунь у Беларусь, Літву, Расею. Ён абяцаў удзельніцам конкурсаў працу мадэляў на Захадзе, а насамрэч перадаваў іх у рукі гаспадароў бардэляў.
За апошнія тры гады 56-гадовы Вольфганг Шварц трапляе ў венскую турму ў другі раз. На пачатку 2002 году ён быў асуджаны на 18 месяцаў за дачыненьне да гандлю жанчынамі, у тым ліку і беларускімі. Карыстаючыся сваімі сувязямі ў аўстрыйскіх амбасадах, былы алімпійскі чэмпіён дапамагаў дзяўчатам у атрыманьні візаў. У выніку многіх беларусак, расеек, літовак замест абяцанай ім працы мадэляў чакаў іншы занятак. Дзяўчатаў перапрадавалі ў бардэлі Вены, Граца і Зальцбурга.

Паколькі тады, у 2002, Вольфганг Шварц часткова прызнаў сваю віну адразу пасьля арышту, ён атрымаў мінімальны тэрмін пакараньня і нават быў датэрмінова вызвалены на волю. Пасьля вызваленьня ў 2003 ён, паводле аўстрыйскай і нямецкай прэсы, двойчы наведваў Беларусь.

Апошнім разам Шварц прыяжджаў у Менск летась разам з групай нямецкай тэлевізіі ZDF. Журналісты вядомага тэлеканалу рабілі PR зорцы аўстрыйскага спорту і аднаму зь лідэраў мадэльнага бізнэсу. Яны падрабязна распавядалі пра конкурс, у якім бралі ўдзел 140 беларускіх дзяўчат. Са шматлікіх інтэрвію вынікала, што многія прыяжджалі ў Менск зь невялікіх правінцыйных гарадкоў. Герой праграмы Шварц штосьці раіў дзяўчатам, а самых прыгожых адбіраў для працы ў мадэльных агенцыях Вены, Парыжу і Нью-Ёрку...

Тым часам, як вынікае з матэрыялаў аўстрыйскага сьледзтва, ужо тады, увесну 2004 Шварц меў дачыненьне да нелегальнага трафіку ўсходнеэўрапейскіх жанчын на Захад. Як піша сёньняшняя “Die Presse”, Шварц і ягоныя людзі невыпадкова адбіралі для свайго бізнэсу дзяўчат з маленькіх гарадкоў і вёсак: “гэтых лягчэй ашукаць, шантажаваць, трымаць у пастаянным страху”.

Паводле сьледчага аўстрыйскага крымінальнага ведамства Рамана Ідынгера, які займаецца справай алімпійскага чэмпіёна, гандаль людзьмі можна параўнаць зь дзейнасьцю міжнародных канцэрнаў. Таварам зьяўляецца чалавек, а пастаўшчыкі мусяць гэты тавар пастаўляць. Жанчыны зь Беларусі, Малдовы, Літвы і іншых краінаў, як правіла, займаюцца прастытуцыяй на ўмовах рабыняў, піша аўстрыйскі друк. Камэнтуючы лёс свайго колішняга спартовага куміра, многія ягоныя былыя фанаты робяць надзвычай рэзкія высновы кшталту: “Праўдападобна, што гэты чалавек ў часе сваіх скокаў на лёдзе неаднойчы падаў на галаву”.