У Гомелі пачаўся суд над актывісткай Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў

Казімер Яноўскі, Гомель У судзе Савецкага раёну Гомеля сёньня слухаўся пазоў рэгіянальнага цэнтру занятасьці насельніцтва да старшыні гарадзкой арганізацыі Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў, сябра АГП, кандыдаткі ў дэпутаты парлямэнту Тацяны Марчанкі.
Рэгіянальны цэнтар занятасьці насельніцтва спрабуе праз суд спагнаць з Тацяны Марчанкі больш як мільён рублёў (1 201 326 рублёў). Гэтая сума нібыта незаконна атрыманая спадарыняй Марчанка ў 1996-1999 гадах як дапамога па беспрацоўю.

Такую выснову цэнтар занятасьці зрабіў на той падставе, што адказчыца выступала сузаснавальніцай таварыства з адмежаванай адказнасьцю “Родник”.

У судзе Тацяна Марчанка патлумачыла, што беспрацоўнай яна стала напачатку 90-х гадоў у выніку скарачэньня рабочых радыёзаводу. Пры запаўненьні карткі беспрацоўнай не існавала графы пра тое, ці зьяўляецца чалавек заснавальнікам нейкай структуры.

У таварыстве “Родник”, зьліквідаваным яшчэ ў 1997 годзе, ніякага заробку яна не атрымлівала. Таму пазоў цэнтру занятасьці насельніцтва Тацяна Марчанка не прызнала. Справу яна наагул расцэньвае як палітычную замову.

(Марчанка: ) “Гэта – палітычная замова. Не адна я пакутую ў гэтай краіне. Прыкладаў шмат. Былыя кандыдаты ў дэпутаты ад апазыцыі – яны цяпер расплачваюцца за свае ўласныя меркаваньні, якія кардынальна адрозьніваецца ад меркаваньня пана Лукашэнкі”.

Розныя праверкі ў дачыненьні актывісткі Свабоднага прафсаюзу распачатыя былі падчас яе вылучэньня на мінулых парлямэнцкіх выбарах кандыдатам у дэпутаты ад апазыцыі. Правярала дакумэнты ў цэнтры занятасьці насельніцтва рэгіянальнага ўправа КГБ. Апошняя разам з падаткоўцамі спрычынілася і да праверкі прыватнай друкарні, дзе дырэктаркай была дачка Тацяны Марчанкі. Паводле суду, прыватная друкарня зачыненая. Абсталяваньне сканфіскаванае, а дачка Марчанкі атрымала буйны штраф.

Судовае разьбіральніцтва супраць самой Тацяны Марчанка судзьдзя Сяргей Власаў працягне 16 лютага.