Міністэрства спорту і турызму будзе паведамляць у органы пра "невяртанцаў"

Ігар Карней, Менск Міністэрства спорту і турызму Беларусі ладзіла паседжаньне грамадзкага савету па турызму, у які ўваходзяць куратары галіны і спэцыялісты органаў дзяржаўнага кіраваньня. Абмяркоўваліся даручэньні Аляксандра Лукашэнкі пра разьвіцьцё ўнутранага турызму, а таксама захады на спыненьне ад’езду грамадзянаў за мяжу праз турыстычныя фірмы.
Удзельнікі паседжаньня прыйшлі да высновы: сілавыя ведамствы маюць рацыю, калі заяўляюць, што мусяць усё ведаць пра людзей, якія выяжджаюць за мяжу ў складзе турыстычных групаў, а назад не вяртаюцца. Але кіраўнік упраўленьня Міністэрства спорту і турызму Сяргей Даронін спадзяецца: турфірмы ад такіх захадаў не пацерпяць, паколькі ня могуць прымусіць вярнуцца кожнага.

(Даронін: ) “Мы будзем інфармаваць сілавыя структуры аб людзях, якія ў складзе групы засталіся ў якойсьці краіне. У гэтым выпадку мы інфармуем. Прыватных паездак гэта ня тычыцца. І турфірмы ніякіх наступстваў ад гэтага мець ня будуць”.

Што да станоўчых момантаў, то дасягненьнем апошняга часу, якое стварыла прэцэдэнт, спадар Даронін лічыць разьлік з турыстамі, якія плянавалі адпачынак у краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Але пасьля таго, як 26 сьнежня ў акваторыі Індыйскага акіяну здарыўся землятрус, а потым і разбуральнае цунамі, ехаць туды зь Беларусі ўжо ніхто не рызыкнуў.

(Даронін: ) “Усе пытаньні зьнятыя. Грошы вернутыя, ніводнага пакрыўджанага няма. Кампэнсаваныя ўсе выдаткі, за выключэньнем нейкіх банкаўскіх пераводаў — бо пэўная сума на гэтую апэрацыю мусіць пайсьці. Але гэта вельмі нязначныя сумы”.

Зыходзячы з пажаданьняў Аляксандра Лукашэнкі, падчас паседжаньня Грамадзкага савету па турызьме вырашана: прыярытэтнай галіной мусіць зрабіцца ўнутраны турызм, бо грошы павінны заставацца ў краіне.

Аднак без інфраструктуры марыць пра хуткія прыбыткі ад унутранага турызму не выпадае, пра што сьведчаць і тэндэнцыі: калі Беларусь цягам году наведвае 50–60 тысяч замежнікаў, то за межы краіны штогод выпраўляецца блізу мільёну чалавек.