Уладзімер Падгол пра размову са сьледчым: “У пракуратуры адбылася прэзэнтацыя раману “Куля для прэзыдэнта””

Любоў Лунёва, Менск Аўтара кнігі “Куля для прэзыдэнта” Ўладзімера Падгола выклікалі ў Менскую гарадзкую пракуратуру. Сам аўтар называе гэта прэзэнтацыяй свайго літаратурнага выданьня.
Сьледчы Аляксандар Пікараў выклікаў Уладзімера Падгола на размову. Аўтар “Кулі для прэзыдэнта” распавядаў сьледчаму пра зьмест сваёй кнігі.

(Падгол: ) “Мэта кнігі “Куля для прэзыдэнта” ніколі не была дакладна акрэсьленая, бо ішлі гады... Гэта восем гадоў пісалася... Па інтуіцыі, без усялякага пляну. Задумана было паглядзець, што адбудзецца, калі сьмерць уцялесьніцца ў жанчыну і закахаецца ў беларуса. Вось асноўны сюжэт — каханьне сьмерці да беларуса і яе памкненьне, каб нейкім чынам пасяліць каханьне ў сэрца беларуса да сьмерці”.

Уладзімер Падгол нават падарыў экзэмпляр кнігі супрацоўнікам Менскай гарадзкой пракуратуры:

(Падгол: ) “У пракуратуры па сутнасьці, па зьмесьце адбылася прэзэнтацыя раману “Куля для прэзыдэнта”. Я распавёў асноўныя сюжэты кнігі, адказваў на пытаньне, як узьнік замысел напісаньня кнігі. Ён сказаў, што яму вельмі спадабалася кніга. Я нават падпісаў усёй пракуратуры тую кніжку, якая ў яго ляжала на стале. Падпісаў усім супрацоўнікам пракуратуры і асабіста сьледчаму па асабліва важных справах Пікараву. Чыста літаратурная сустрэча адбылася”.

Сьледчы Менскай пракуратуры Аляксандар Пікараў паведаміў Радыё Свабода, што крымінальнай справы супраць Уладзімера Падгола няма. Пакуль ідзе праверка.

(Пікараў: ) “Сёньня я, на жаль, нічога не магу вам паведаміць. Цяпер ідзе праверка, і толькі пасьля яе заканчэньня можна будзе нешта казаць”.

Сам аўтар кнігі заявіў Радыё Свабода, што наступствы размовы яго не цікавяць. Ён заняты цяпер другім выданьнем свайго твору.