Пасьля заяваў Лукашэнкі праект Закону аб вышэйшай школе будзе адкліканы

Іна Студзінская, Менск Літаральна пазаўчора ў нашым ранішнім эфіры старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Ўладзімер Здановіч ухваляў праект новага Закону аб вышэйшай школе. Парлямэнтар апавядаў пра пераход да двухузроўневай сыстэмы адукацыі, пра ўвядзеньне ў хуткім часе ступеняў магістра і бакаляўра. А ўчора Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “матывацыя з боку асобных рэктараў і выкладчыкаў, якія выступаюць за ўвядзеньне дзьвюхступенчатай сыстэмы падрыхтоўкі спэцыялістаў у ВНУ, не вытрымлівае крытыкі”.
Аляксандар Лукашэнка даволі рэзка выступіў супраць капіяваньня заходніх адукацыйных стандартаў: “гэта ня столькі павысіць канкурэнтаздольнасьць беларускіх спэцыялістаў, колькі будзе арыентаваць нашых людзей на ўцечку мазгоў за мяжу”.

Учора, ужо пасьля заяваў кіраўніка дзяржавы, я зноў зьвязалася са старшынём парлямэнцкай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы Ўладзімерам Здановічам. Парлямэнтар пацьвердзіў, што праект Закону аб вышэйшай школе (які, дарэчы, прыняты ў першым чытаньні) будзе адкліканы. А што да выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімер Здановіч іх пракамэнтаваў так:

(Здановіч: ) “Кіраўнік дзяржавы ня супраць, каб зьяжджалі, і каб наша сыстэма набліжалася да эўрапейскай. Наадварот, робяцца ўсе магчымыя прапановы і варыянты, і праца праводзіцца ў такім накірунку, каб наша сыстэма была ня горшая, а наадварот, лепшая за эўрапейскую сыстэму адукацыі. Так што тут я ня бачу ніякіх непаразуменьняў”.

Дык да чаго ўсё ж такі прыйшлі – ці будзе ўведзеная двухузроўневая сыстэма адукацыі з прысваеньнем званьняў бакаляўраў, магістраў? Што да ўвядзеньня магістратуры, то Лукашэнка даручыў сур’ёзна прапрацаваць гэта пытаньне. Мяркуецца, што зь верасьня будзе ўведзеная магістратура. Магістэрская ступень – гэта будзе адзін год падрыхтоўкі да асьпірантуры.

А вось што да ўвядзеньня ступені бакаляўра, то, магчыма, яе будуць прысвойваць пасьля заканчэньня ВНУ. І ў асноўным гэта тычыцца іншаземных студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю ў Беларусі. А ўсе канчатковыя рашэньні будуць за прэзыдэнтам. Вось такія асаблівасьці беларускай нацыянальнай адукацыі.

Але справа, магчыма, ня столькі ў званьнях і ступенях, колькі ва ўзроўні адукацыі. Студэнты-гуманітарыі ў інтэрвію нашаму радыё яе раскрытыкавалі ўшчэнт. Прафэсар Станіслаў Шушкевіч, які ў свой час быў прарэктарам радыётэхнічнага інстытуту і Белдзяржунівэрсытэту, лічыць, што у нас ёсьць традыцыйныя вельмі добрыя школы – той самы БДУ, палітэхнічны ўнівэрсытэт, унівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі...

(Шушкевіч: ) “Як бы ні называліся дыплёмы гэтых навучальных установаў і якія б там дыплёмы не атрымоўвалі, яны рыхтуюць добрых спэцыялістаў. І яны адаптуюцца да любой сыстэмы. Вось мае студэнты, якія не былі ні бакаляўрамі, ні магістрамі – я іх вельмі часта сустракаю за мяжой. І ні з кім няма праблемы. Дзе, думаеце, яны працуюць? У Бэрне, у Жэнэве – у Эўрапейскім цэнтры ядравых дасьледваньняў. І добра працуюць. У гэтых традыцыйных школах склаліся такія накірункі моцныя – фізыка, хімія, асабліва матэматыка, біялёгія, геоляга-геаграфічны факультэт – гэта моцныя факультэты”.

Але ж Беларусь таксама дэкляравала ў свой час аб далучэньні да Балёнскай дэклярацыі, у якой 33 эўрапейскія дзяржавы заявілі пра намер стварыць адзіную эўрапейскую сыстэму вышэйшай адукацыі. Лукашэнка заявіў, што крытэр сыстэмы адукацыі павінен быць адзін: нацыянальныя інтарэсы. Ці не апынецца Беларусь у ізаляцыі і ў сфэры адукацыі?

Філёзаф Алесь Анціпенка на такое ж маё пытаньне адказаў трапна, што краіна і так у ізаляцыі, былі яшчэ нейкія дзіркі і скразьнякі, але і іх спрабуюць замазаць і закрыць. І гэта ўсё ў рэчышчы антызаходніх памкненьняў, бо нацыянальныя інтарэсы, пра якія гаварыў Лукашэнка, не супадаюць з інтэграцыйнымі эўрапейскімі.

Прафэсар Станіслаў Шушкевіч, які ведае і амэрыканскую, і японскую, карэйскую, і эўрапейскую сыстэмы адукацыі, сказаў так:

(Шушкевіч: ) “Што да гэтага Балёнскага працэсу. У нас, фактычна, быў бакаляўр і магістар на фізычным факультэце. Хто заканчваў ня робячы сур’ёзнай навуковай працы, былі бакаляўрамі. А тыя, што рабілі – магістрамі. Цяпер гэта расьпісана па эўрапейскіх стандартах. Дарэчы, не ва ўсіх унівэрсытэтах гэта расьпісана. Што да амэрыканскіх, там ёсьць унівэрсытэты рознага ўзроўню, і выпускнік нейкага ўнівэрсытэту можа быць горшы за выпускніка наша тэхнікуму. Але калі ты бакаляўр з Гарварду – гэта цудоўна, калі ты магістар з Гарварду – гэта цудоўна, а калі ты доктар з Гарварду – гэта вельмі-вельмі моцна”.