Старшынёўства Камітэту міністраў Рады Эўропы заклікае не дапускаць падтрымкі Лукашэнку ды ягонаму атачэньню

Юры Сьвірко, Менск Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Ян Трушчыньскі, выступаючы на сэсіі ПАРЭ ў Страсбуры ад імя старшыні Камітэту міністраў Рады Эўропы, зазначыў, што Беларусь засталася адзінай краінай Эўропы, якая не ўваходзіць у гэтую арганізацыю.
Спадар Трушчыньскі зазначыў, што “пасьля далучэньня Манака летась у кастрычніку Рада Эўропы цяпер ахоплівае амаль цэлы кантынэнт”, і дадаў: “Паколькі Беларусь ня здолела выканаць фундамэнтальныя стандарты Рады Эўропы, працэс далучэньня быў перапынены”.

Ян Трушчыньскі сказаў, што як сусед Беларусі Польшча ў прыватнасьці заклапочаная сытуацыяй у гэтай краіне, і выказаў пажаданьне на адрас Беларусі:

(Трушчыньскі: ) “Давесьці, што яна належыць да сям’і эўрапейскіх дэмакратыяў, каб прадухіліць сваю поўную ізаляцыю. У той жа час, мы мусім пазьбегнуць любых жэстаў, якія могуць быць інтэрпрэтаваныя як падтрымка прэзыдэнту Лукашэнку ды ягонаму найбліжэйшаму атачэньню”.