На тэрыторыі краін СНД узровень фальшывых мэдпрэпаратаў складае ад 10% да 30%

Міхал Стэльмак, Менск У менскай штаб-кватэры СНД ўчора завяршылася двухдзённая нарада прадстаўнікоў краін Садружнасьці ў справе змагання з распаўсюдам падробных лекаў.
Ці ёсьць фальсыфікаваныя лекі ў Беларусі? Што тычыцца грамадзкай думкі, то шмат хто з шараговых грамадзянаў упэўнены, што фальшывыя лекі ў Беларусі маюць месца. Падставы для такіх меркаваньняў наступныя. Напрыклад, той, хто ўжывае лекі рэгулярна, не аднойчы заўважаў, як адны і тыя ж лекі маюць розны мэдычны эфэкт. Інакш кажучы, адны лекі дапамагаюць ад хваробаў, іншыя–не. А то й яшчэ горш: уплываюць на здароўе адмоўна.

Што тычыцца лекараў, то яны на гэты конт, як правіла, публічна выказвацца асьцерагаюцца. Маўляў, гэта кампэтэнцыя фармацэўтаў. Разам з тым, у прыватных размовах беларускія лекары таксама часам зьдзіўляюцца, што тыя ці іншыя прэпараты не заўжды дзейнічаюць на чалавека так, як гэта сьцьвярджаецца ў інструкцыях па іх выкарыстаньні.

Хто думае інакш, дык гэта мэдычнае начальства. У прыватнасьці, Міністэрства аховы здароўя, як вынікае з тлумачэньня яго прадстаўнікоў, ня лічыць праблему падробных лекаў надзённай для Беларусі. Фармацэўты таксама адмаўляюць, што ў аптэчную сетку могуць патрапіць фальсыфікаты. Вось, напрыклад, што паведаміў мне на гэты конт кіраўнік Рэспубліканскай кантрольна-аналітычнай лябараторыі Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Шыракоў:

(Шыракоў: ) “Па Беларусі летась быў усяго адзін фальсыфікат. Праблема вычарпана ў 2002 годзе. Сярод краінаў СНД сытуацыя ў Беларусі ў гэтым пляне найлепшая”.

(Карэспандэнт: ) “На вашу думку, чым гэта тлумачыцца?”

(Шырокаў: ) “Таму што ў нас іх практычна няма. У нас іншае заканадаўства па кантролі лекаў і іх допуску на рынак. Па ўвозе лекавых сродкаў. У нас уведзены жорсткія нормы ў гэтым пляне”.

(Карэспандэнт: ) “У чым сутнасьць гэтых жорсткіх нормаў?”

(Шырокаў: ) “З траўня леташняга году прэпараты ў Беларусь увозяцца па рашэньні Міністэрства аховы здароўя толькі ад прамых заводаў-вытворцаў альбо іх дыстрыб’ютараў. Ніякіх пасярэднікаў ужо няма”.

Хаця ў Беларусі, як мы толькі што чулі ад спадара Шырокава, няма праблемы падробных лекаў, але беларускі прадстаўнік браў удзел у нарадзе краінаў СНД, дзе разглядаліся меры змаганьня з фальшыўкамі. Як мне было патлумачана яе арганізатарамі, ініцыявалі нараду Расея і Украіна, але разам з тым удзел Беларусі, на іх думку, быў абгрунтаваным.

Рэч у тым, што, паводле маіх суразмоўцаў, ніводная краіна Садружнасьці, у тым ліку і Беларусь, насамрэч, ня могуць лічыць сябе абароненымі ад фальшывак. Паводле Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, у цэлым у сьвеце 7 працэнтаў лекаў складаюць падробкі. А вось на тэрыторыі краін СНД узровень фальшывых мэдпрэпаратаў, як прагучала на менскай нарадзе, нават вышэйшы: ад 10 да 30 працэнтаў.

У валютным эквіваленце рынак падробных лекаў Садружнасьці ацэньваецца ў 300-400 мільёнаў даляраў. А паколькі паміж Беларусьсю і Расеяй межы празрыстыя, то, як сьцьвярджаюць экспэрты, фальшывыя прэпараты лёгка трапляюць на беларускую тэрыторыю, мінаючы тут фармацэўтычны кантроль. І атрымліваецца, што ў зьвестках беларускіх кантрольна-аналітычных лябараторыяў фальшывак няма, а насамрэч беларусы іх выкарыстоўваюць.

Апроч таго, расейскія вытворцы, паводле сродкаў масавай інфармацыі гэтай краіны, налаўчыліся вырабляць такія фальшывыя лекі, якія складана і нават немагчыма лябараторным чынам адрозьніць ад арыгінальных прэпаратаў. Вось чаму, як лічыць куратар пытаньняў аховы здароўя менскай штаб-кватэры СНД Георгій Нарушэвіч, змаганьне з фальшыўкамі павінна стаць праблемай усіх бяз выключэньня краінаў Садружнасьці:

(Нарушэвіч: ) “Па ўсім сьвеце факты фальсыфікацыяў лекаў былі, ёсьць і будуць. Таму зараз гэтае пытаньне вельмі надзённае для ўсіх дзяржаваў, у тым ліку і краінаў Садружнасьці, гэта мае прынцыповае значэньне. Пытаньне даўно насьпела і, вядома, супрацоўніцтва будзе садзейнічаць зьмяншэньню фальсыфікатаў на рынках”.