Які прысуд вынясуць Галіне Жураўковай і яе саўдзельнікам?

Алег Грузьдзіловіч, Менск 18 студзеня ў Вярхоўным судзе Беларусі, магчыма, завершыцца працэс над былой кіраўніцай справамі прэзыдэнта Галінай Жураўковай і яе саўдзельнікамі зь дзяржаўнага прадпрыемства “Белая Русь”. Якім будзе прысуд Жураўковай і ці верагодна, што яе ўвогуле апраўдаюць?
Працэс над Галінай Жураўковай ужо пабіў некалькі рэкордаў. 3,5 мільёны даляраў, крадзеж якіх інкрымінуюць былой кіраўніцы справамі прэзыдэнта – гэта адзін рэкорд. Другім ёсьць сума кампэнсацыі, якую ўжо сплаціла Жураўкова – больш за паўтары мільёны даляраў. І нарэшце, ужо тое, што пры такім вялікім памеры нібыта нанесеных стратаў яна застаецца на волі – для Беларусі, безумоўна, таксама зьява надзвычайная. Нагадаю пра лёс былога міністра зьнешнеэканамічных сувязяў, апазыцыянэра Міхаіла Марыніча, якога 8 месяцаў да суду трымалі ў ізалятары КГБ як злоснага злачынцу, а інкрымінаваліся яму страты ўсяго ў некалькі тысяч даляраў.

І ўсё ж ня выключана, што Галіна Жураўкова паставіць яшчэ адзін рэкорд – калі зможа дамагчыся апраўдальнага прысуду. Такую магчымасьць не выключае адвакат Галіны Жураўковай Алег Дубавец, які лічыць, што ў судзе віна Жураўковай не была даказаная, і таму судзьдзі мусяць прызнаць яе невінаватай.

Сама Галіна Жураўкова таксама спадзяецца менавіта на апраўданьне. Яна кажа, што інакш ёй не вярнуць паўтары мільёны даляраў, якія яна напазычала ў сваякоў і знаёмых, каб да суду выйсьці з ізалятару КГБ.

Назіральнікі за працэсам пакуль абыходзяць увагай палітычнае значэньне магчымага апраўданьня Галіны Жураўковай, але эканамічны фактар не прамінаюць. Заўважана, што яшчэ ніколі ў Беларусі не апраўдвалі падсуднага, які ўжо сплаціў дзяржаве пэўныя грошы ў пакрыцьцё нанесеных стратаў.

Больш верагодным падаецца назіральнікам варыянт, пры якім Галіну Жураўкову прызнаюць вінаватай, але прысудзяць ёй ня болей за тры гады зьняволеньня. Пры гэтым да яе выкарыстаюць амністыю і ўлічаць тэрмін, які яна ўжо адбыла ў ізалятары і пад хатнім арыштам. У выніку атрымаецца палова прысуджанага тэрміну, а другую палову паводле закону магчыма адбываць умоўна.

Нагадаю, гэтаксама пазьбег турмы былы кіраўнік Беларускай чыгункі, сябра Савета рэспублікі Віктар Рахманько. Між тым ён быў прызнаны судом вінаватым у хабарніцтве і нанясеньні значных стратаў дзяржаве.

Дарэчы, на перакваліфікацыю з больш мяккім пакараньнем спадзяюцца і саўдзельнікі Галіны Жураўковай. Усе яны прасілі суд абмежавацца ўжо адбытымі ў ізалятары тэрмінамі. Адзін з адвакатаў, Васіль Лушкінаў, засьведчыў Радыё Свабода агульную пазыцыю:

(Лушкінаў: ) “Частка стратаў майго падабароннага – 806 тысяч даляраў. Гэтыя грошы прадпрыемству “Белая Русь” ніколі не належалі. Абвінавачваньне кажа, што гэтыя грошы ён скраў у “Белай Русі”. Але як ён можа іх скрасьці ў Белай Русі, калі гэтых грошай не было?”

Нагадаю, пракурор прасіў для Галіны Жураўковай 4 гады зьняволеньня, а для двух яе саўдзельнікаў – па 5 гадоў. Гэта ніжэй мінімуму, які прадугледжаны кодэксам. Аднак назіральнікі не выключаюць, што прысуд усім абвінавачаным будзе яшчэ мякчэйшым.