Aршанскія сацыял-дэмакраты паспрабавалі памірыць Статкевіча ды Нісьцюка

Браніслава Станкевіч, Ворша Напярэдадні пазачарговага зьезду БСДП НГ для іх зладзілі сустрэчу з мясцовымі партыйцамі, прычым ні адзін, ні другі партыйны лідэр да апошняга моманту ня ведалі, што на сустрэчу ў Воршу яны знарок запрошаныя разам.
Як паведаміў старшыня аршанскай гарадзкой арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Канстанцін Анташкевіч, мясцовыя партыйцы адмыслова хацелі зладзіць супольную сустрэчу зь Мікалаем Статкевічам ды Ўладзімерам Нісьцюком. І знарок рыхтавалі яе так, каб ніводзін зь іх ня ведаў, што гэтаксама запрошаны і ягоны цяперашні палітычны апанэнт.

Сустрэча прайшла позна увечары 13-га студзеня, і, паводле словаў аднаго зь ініцыятараў гэтае сустрэчы, спадара Анташкевіча, абодва лідэры трымаліся годна, і супольная гутарка пра цяперашнія партыйныя праблемы доўжылася каля дзьвюх гадзінаў.

(Анташкевіч: ) “Усё было зроблена так, каб яны ня ведалі, што запрошаныя абодва. Яны павіталіся, не было ніякіх грубасьцей ці абразаў. А потым мы задавалі ім пытаньні”.

Партыйцы з Воршы ды Барані задалі спадарам Нісьцюку ды Статкевічу шмат пытаньняў, і з адказаў вынікала, што абодва цьвёрда трымаюцца свае пазыцыі адносна партыйнага падзелу.

Але арганізатары сустрэчы, як кажа Канстанцін Анташкевіч, хацелі бы пачуць ад гасьцей зь Менску іншыя высновы.

(Анташкевіч: ) “Намі было выказана меркаваньне, што ў нашых лідэраў зашмат асабістых амбіцыяў. Сябры аршанскай гарадзкой арганізацыі не падтрымліваюць ні аднаго, ні другога, і хочуць нармальнага вырашэньня канфлікту – каб усе тыя, хто зьбіраецца заўтра на пазачарговы зьезд, яшчэ раз падумалі, што ім варта зрабіць”.