Чаму вырасьлі наклады дзяржаўных газэтаў?

Галіна Абакунчык, Менск Міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч заявіў, што паводле вынікаў падпісной кампаніі на першае паўгодзьдзе 2005 году наклады дзяржаўных газэтаў вырасьлі на 25%. Адначасна ў Беларускай асацыяцыі журналістаў сьведчаць пра факты адміністрацыйных захадаў дзеля павелічэньня накладу дзяржаўных выданьняў і пра перашкоды пры падпісцы на незалежныя газэты.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, асабліва ўдала падпіска склалася для газэты “Советская Белоруссия”: наклад выданьня перасягнуў 500-тысячную мяжу. Пракамэнтаваць гэткі посьпех у рэдакцыі “СБ” адмовіліся: намесьнік галоўнага рэдактара Анатоль Лябедзік у адказ на пытаньне Радыё Свабода кінуў слухаўку. А вось што паведаміла пра вынікі нядаўняй падпіскі загадчыца пошты ў вёсцы Бор Пухавіцкага раёну Валянціна Семяняка:

(Семяняка: ) “У нашым аддзяленьні плян быў 490, а мы выпісалі 512 асобнікаў. У асноўным такія газэты, як “Советская Белоруссия”, “Пухавіцкія навіны”, “Мінская праўда”. І жывёлаводы, і даяркі, і спэцыялісты — усе падпісаныя ў нас”.

Паводле маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў, разнарадкі на дзяржаўныя газэты даведзеныя ня толькі ўсім гарадзкім ды вясковым поштам, але таксама дзяржаўным і прыватным прадпрыемствам, навучальным установам. У адпаведных лістах кіраўнікі адміністрацыяў розных узроўняў пры гэтым спасылаюцца на распараджэньне адміністрацыі прэзыдэнта. Гаворыць сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Бабак:

(Бабак: ) “У БАЖ патрапілі некалькі дакумэнтаў, якія сьведчаць пра вельмі актыўнае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу. Як правіла, яны абавязваюць прадпрыемствы і арганізацыі падпісацца на пэўную колькасьць пэўных дзяржаўных газэтаў і зрабіць справаздачу аб праведзенай працы. У некаторых з гэтых папераў патрабуецца не дапусьціць падпіскі на недзяржаўныя газэты. Да прыкладу, на “Народную волю”, “Белорусский рынок”, “Белорусскую газэту”, “Известия”, нават “Комсомольскую правду”.

Адмыслоўцы у справах мэдыяў заяўляюць, што падвышэньне накладаў дзяржаўных газэтаў на 25% і 500-тысячная падпіска на “Советскую Белоруссию” — вынік выкананьня адмысловага распараджэньня кіраўніка краіны ад сакавіка 2003 году, у якім, у прыватнасьці, гаворыцца: “Рэдакцыі газэты “Советская Белоруссия” забясьпечыць у 2004–2005 гадах павелічэньне накладу да 500 тысяч асобнікаў”. Вось што сказала ў інтэрвію “Свабодзе” намесьніца галоўнага рэдактара незалежнай газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “Калі б чытачы добраахвотна падпісваліся на дзяржаўныя выданьні, то не было б ніякіх дадатковых загадаў на гэты конт. Але я хачу зьвярнуць увагу на тое, што сёлета асабліва настойліва чытачоў прымушалі падпісвацца менавіта на “Советскую Белоруссию”. Мне падаецца, што гэта можа азначаць, што газэта будзе ўключаная ў некую буйную палітычную кампанію ў 2005 годзе. Магчыма, гэта прэзыдэнцкія выбары ці нешта кшталту гэтага”.

Адмыслоўцы сьведчаць пра ўзрастаньне ролі адміністрацыйнага рэсурсу ў справе павелічэньня накладаў дзяржаўных газэтаў і стварэньне перашкодаў для дзейнасьці незалежных мэдыяў. Тым ня менш, нават у гэткіх умовах, наклад незалежнай “Белорусской деловой газеты” ў новым паўгодзьдзі ня зьменшыўся і застаўся ў межах 10 тысяч асобнікаў, гэткае ж становішча ў “Белорусским рынку”. У “Белорусской газете” і “Народнай волі” колькасьць падпісчыкаў нават павялічылася на тысячу чалавек — з 19 да 20 тысяч і з 28 да 29 тысяч адпаведна.