Ці будзе ў Польшчы надрукаваны сьпіс былых агентаў камуністычных спэцслужбаў?

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы разгарэлася дыскусія ў справе публікацыі поўнага сьпісу былых агентаў камуністычных спэцслужбаў. Праект адпаведнага закону ўнесены на разгляд Сэйму. У польскім грамадзтве, аднак, да гэтай прапановы ставяцца па-рознаму.
Чаму ідэя зрабіць сьпіс агентаў агульнадаступным зьявілася ў Польшчы менавіта цяпер? Справа ў тым, што напярэдадні Люстрацыйны суд абвінаваціў былога ўжо сьпікера польскага парлямэнту Юзэфа Алексы ў тым, што ён схаваў факт супрацоўніцтва са спэцслужбамі ПНР у 1970-х гадох. У выніку, Алексы сышоў у адстаўку. Таксама нядаўна аказалася, што прэсавая сакратарка першага некамуністычнага ўраду Польшчы Малгажата Незабітоўска таксама мае папку ў архівах спэцслужбаў, якая нібыта сьведчыць аб тым, што яна таксама была агенткай.

Гэтыя падзеі ізноў зрабілі актуальным пытаньне: ці ня варта раз і назаўсёды вырашыць гэтую праблему, надрукаваўшы сьпіс. Бо цяпер у Польшчы на супрацоўніцтва ў мінулым са спэцслужбамі правяраюць толькі тых людзей, якія прэтэндуюць на высокія дзяржаўныя пасады.

Прыхільнікі таго, каб распаўсюдзіць сьпіс агентаў (напрыклад, у Чэхіі, гэта ўжо даўно зроблена) кажуць, што толькі такім чынам можна ачысьціць грамадзка-палітычнае жыцьцё ад гэтак званых “былых”. Вось меркаваньне аўтара лідэра кансэрватыўнай партыі Ліга польскіх сем’яў Рамана Гертыха.

(Гертых: ) “Гэты крок быў бы канчатковым закрыцьцём камуністычнай і посткамуністычнай эры. Нарэшце можна было б высьветліць пэўныя справы, якія доўгі час ляжалі ў архівах”.

Прыкладна такога ж меркаваньня прытрымліваецца, сярод іншых, і Лех Валэнса. У сваю чаргу, цэлы шэраг вядомых палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, у тым ліку і былых актывістаў “Салідарнасьці”, лічаць, што публікацыя сьпісу агентаў можа мець непрадказальныя наступствы. Прыкладам, калі высьветліцца, што агенты былі сярод сяброў, сваякоў, суседзяў і гэтак далей.

Як бы ні было, але цяперашні Сэйм наўрад ці ўхваліць такі закон, бо там пераважаюць посткамуністы – перадусім для іх гэта невыгодна. Аднак цалкам магчыма, што яшчэ сёлета законам зоймецца ўжо новы парлямэнт, дзе, напэўна, большасьць будуць складаць правыя.