Лукашэнка даў прэмію Азаронку за фільм “Кансьпіралёгія”

Юры Дракахруст, Прага Сёньня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб прысуджэньні прэміяў "За духоўнае адраджэньне" і распараджэньне аб прысуджэньні спэцыяльных прэмій прэзыдэнта дзеячам культуры і мастацтва за 2004 год.
Прэмія "За духоўнае адраджэньне" прысуджаная, у прыватнасьці, дырэктару рэдакцыйна-выдавецкай установы "Літаратура і мастацтва" Таісе Бондар, кіраўніку выставачнага праекта "Беларусь праваслаўная" Аляксандру Савіну, аўтарскаму калектыву фотаальбома "Спадчына Беларусі", настаяцелю каталіцкай рэлігійнай абшчыны ў Глыбоцкім раёне Ёзасу Бульку і іншым.

Два ляўрэаты спэцпрэміі – ў намінацыі "кіно і тэлебачаньне". За стварэньне дакумэнтальнага фільма "Палітра памяці" да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нацысцкай акупацыі прэмія прысуджаная галоўнаму рэжысэру "Беларускага відэацэнтру" Аляксандру Карпаву. Другім ляўрэатам стаў начальнік прэсавага цэнтру рэспубліканскай пракуратуры Юрый Азаронак – "за стварэньне аўтарскай тэлепраграмы "Кансьпіралёгія" на Першым нацыянальным тэлеканале".

У гэтай праграме ў нэгатыўным сьвятле была прадстаўлена дзейнасьць дэмакратычнай беларускай апазыцыі. Памер усіх прэміяў складае 2,4 млн. рублёў. Прэміі не абкладаюцца падаходным падаткам.