У 2004 годзе былі забітыя больш за 50 журналістаў

Віталь Цыганкоў, Прага Праваабарончая арганізацыя “Камітэт абароны журналістаў” (CPJ) у сваёй справаздачы паведамляе, што летась у сьвеце падчас выкананьня сваёй працы загінулі 56 журналістаў.
Большасьць зь іх былі забітыя у часе асьвятленьня войнаў і ўзброеных канфліктаў, што робіць 2004 год адным з самых сьмярцельных для супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі.

Іншая арганізацыя, “Рэпарцёры бяз межаў”, называе лічбу 53 забітыя журналісты, зь якіх 14 загінулі ў Іраку.

Як адзначае Майкл Кудлак, прадстаўнік міжнароднага інстытута прэсы ў Вене, некаторыя зь іх патрапілі ў перастрэлкі, але некаторыя былі забітыя менавіта таму, што былі журналістамі.

Другой найгоршай краінай для супрацоўнікаў прэсы пасьля Іраку сталі Філіпіны, дзе былі забітыя шэсьць журналістаў, якія асьвятлялі тэмы крыміналу і карупцыі.