Хто будзе новым украінскім прэм’ерам?

Валер Каліноўскі, Менск Пасьля таго, як вырашылася праблема з абраньнем прэзыдэнта Ўкраіны, паўстала новае пытаньне — хто будзе кіраўніком новага ўраду Ўкраіны. Цяпер ідуць інтэнсіўныя кансультацыі на гэты конт.
Віктар Януковіч перад самым новым годам нарэшце заявіў, што падае ў адстаўку і не зьбіраецца займаць ніякіх пасадаў пры новым кіраўніцтве Ўкраіны. Гэта першы зь ягонага боку сыгнал аб тым, што ён прызнаў сваю паразу. Цяпер украінскім урадам кіруе першы віцэ-прэм’ер Мікола Азараў, а Віктар Юшчанка са сваімі паплечнікамі й прадстаўнікамі іншых палітычных сілаў пачаў кансультацыі наконт фармаваньня новага ўраду.

На гэты час разглядаюцца чатыры магчымыя кандыдатуры новага кіраўніка ўраду: Юлія Цімашэнка, старшыня Сацпартыі Ўкраіны Аляксандар Мароз, вядомы бізнэсовец і дэпутат парлямэнту Пятро Парашэнка і старшыня Саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Анатоль Кінах.

Для зацьвярджэньня новага прэм’ера патрэбна як мінімум 226 галасоў дэпутатаў Вярхоўнай рады, і відавочна, што пэўную перавагу будзе мець той прэтэндэнт, які здольны мабілізаваць больш галасоў, — гэта патрэбна для стабільнай працы ўраду, лічыць прадстаўнік кіеўскага аналітычнага Цэнтру імя Разумкова Ігар Зданаў. Акрамя таго, будучы прэм’ер павінен адмовіцца ад уласнага бізнэсу і кіраўніцтва палітычнай партыяй. Аднак і канцэптуальна урад пры прэзыдэнце Юшчанку будзе адрозьнівацца ад папярэднікаў, — лічыць Ігар Зданаў:

(Зданаў: ) “Па-першае, паводле заяваў Юшчанкі, гэта будзе ўрад народнага даверу. Ён будзе заснаваны на трох прнцыпах, пра якія ён выказваўся, гэта тры “П”: прафэсіяналізам, патрыятызм і прыстойнасьць”.

Такім чынам, чакаецца, што галоўнае правіла, якім кіраваўся Леанід Кучма — прынцып асабістай адданасьці — адыдзе ў мінулае, і што ў новым урадзе атрымаюць прадстаўніцтва розныя палітычныя сілы. На думку дырэктара палітычна-прававых праграмаў Цэнтру імя Разумкова Ігара Зданава, у новым урадзе атрымаюць месца і прадстаўнікі эліты ўсходніх рэгіёнаў Украіны, тыя, што не заплямілі сябе карупцыйнымі скандаламі, удзелам у фальсыфікацыях выбараў і сэпаратысцкімі заявамі.

Інаўгурацыя Віктара Юшчанкі як трэцяга прэзыдэнта Ўкраіны чакаецца ў пэрыяд з 13 па 16 студзеня. Спачатку яна пройдзе ў сьценах парлямэнту, а потым на Майдане незалежнасьці ў Кіеве перад сотнямі тысяч людзей.