Міністэрства інфармацыі адмовіла гарадзенскай газэце “Биржа информации”

Міхал Карневіч, Горадня Сёньня споўніўся месяц, як на загад міністра інфармацыі прыпыненая дзейнасьць гарадзенскай газэты “Биржа информации” тэрмінам на тры месяцы. Якраз у гэты дзень рэдакцыя атрымала ліст ад намесьніка міністра Л. Ананіч, у якім паведамляецца, што ў міністэрства адсутнічаюць падставы для адмены загаду аб прыпыненьні дзейнасьці выданьня.
Адразу пасьля рашэньня міністра, рэдактарка Алена Раўбецкая зьвярнулася да яго з просьбай зьменшыць тэрмін прыпыненьня дзейнасьці газэты.

Яна матывавала свой зварот тым, што рашэньне суду, на падставе якога прыпынілі газэту, датычыла яе асабіста як фізычнай асобы, а не рэдакцыі. (Нагадаю, што яе абвінавацілі ў распаўсюджваньні зьвестак, якія быццам абражаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта ў артыкуле “Здрада імем народа”). І па рашэньні суду яна выплачвае штраф. Выходзіць, што за адно і тое парушэньне пакаралі двойчы.

Намесьнік міністра Л.Ананіч у сваім адказе сьцьвярджае, што прымененыя розныя віды адказнасьці і да розных асобаў. Паўстае лягічнае пытаньне: за што ж тады пакаралі ўвесь калектыў рэдакцыі?

Тым ня менш, на працягу месяца газэта штотыдзень зьяўляецца ў інтэрнэт-вэрсіі. Рэдакцыя атрымлівае мноства водгукаў на сваім сайце. Працуе і рэклямны аддзел выданьня, але настрой, як заўважаюць супрацоўнікі рэдакцыі, не працоўны.

Вось што кажа галоўная рэдактарка “Биржи информации” Алена Раўбецкая:

(Раўбецкая: ) “Ніякага іншага адказу зь міністэрства інфармацыі я не чакала, ня гледзячы на тое, што лісты былі накіраваныя ня толькі мною асабіста, але і сотнямі гарадзенцаў… На двары Каляды, але ў рэдакцыі ніхто сьвята ня адчувае. Для нас сьвята – выдаваць газэту. Тым ня менш, калектыў трымаецца, сілы, каб не разьбягацца, пакуль ёсьць…”