У “Беларускім кнігазборы” – ужо трыццаць тамоў

Валянціна Аксак, Менск Выйшаў з друку том выбраных твораў выдатнага дзеяча нацыянальнага адраджэньня другой паловы XIX – пачатку XX стагодзьдзя Аляксандра Ельскага. Ягонае імя, як і многія іншыя, забароненыя савецкай уладаю імёны беларускае культуры адкрывае сучаснаму чытачу залатая кніжная сэрыя незалежнага выдавецтва “Беларускі кнігазбор”. Том Ельскага – трыццаты з заплянаваных двухсот кнігазбораўскіх кнігаў.
Выдадзеныя трыццаць тамоў заснавальнік і галоўны рэдактар “Беларускага кнігазбору” Кастусь Цьвірка лічыць значным плёнам амаль дзесяцігадовай дзейнасьці. Праўда, пры гэтым ён заўважае, што з заплянаваных двухсот тамоў можна ўжо было выдаць ці не палову. Аднак цяпер кнігі незалежнага выдавецтва не набываюць раённыя і школьныя бібліятэкі, не замаўляюць рэгіянальныя кнігарні. З гэтае прычыны апошнім часам істотна зьмяншаюцца наклады і памнажаюцца фінансавыя праблемы выдавецтва.

(Цьвірка: ) “На наступны год у нас падрыхтавана ўжо каля дзесяці кнігаў, а выдадзім ня ведаю колькі – калі ўдасца тры-чатыры, дык будзе добра. Каб былі сродкі, дык справа нашая пайшла б вельмі шпарка, і каб была падтрымка дзяржавы. Дзяржаўнае падтрымкі ў нас няма”.

Але выдавецтва не адступаецца ад задумы стварыць сваёй залатой кніжнай сэрыяй сапраўдную панараму гісторыі беларускае літаратуры і не азіраецца на часовую палітычную кан’юнктуру, гаворыць Кастусь Цьвірка.

(Цьвірка: ) “Мы павінны намаляваць гэтым кнігазборам праўдзівую гісторыю літаратуры, і будзем даваць гэтыя тэксты так, як яны напісаныя, безь ніякіх купюраў, будзем даваць усё найлепшае, нягледзячы на розныя палітычныя меркаваньні, будзем даваць толькі аб’ектыўную карціну нашай літаратуры”.