МАНАМА, БАХРЭЙН. Паведамляецца, што фактычны правіцель Саудаўскай Арабіі прынц Абдула пазьбягае сустрэчы на вышэйшым узроўні краінаў Пэрсідзкай затокі, якая распачнецца сёньня ў Бахрэйне. Не названа ніякай афіцыйнай падставы, чаму Абдула ня будзе ў ёй удзельнічаць.
Аднак напярэдадні Саудаўская Арабія крытыкавала пагадненьне аб вольным гандлі паміж Бахрэйнам і Злучанымі Штатамі. Саўдаўскае кіраўніцтва лічыць, што асобныя двухбаковыя дамовы могуць перашкаджаць эканамічнай інтэграцыі краінаў Затокі.
Афіцыйна сказана, што саудаўскую дэлегацыю ў Бахрэйне будзе ўзначальваць міністар абароны.
Чакаецца, што апроч эканамічных пытаньняў, гаворка пойдзе пра супольныя намаганьні ў барацьбе з тэрарызмам, а таксама пра будучыя выбары ў Палестынскай аўтаноміі і ў Іраку.
Раду супрацоўніцтва Пэрсідзкай затокі складаюць Бахрэйн, Саудаўская Арабія, Кувэйт, Аман, Катар і Аб’яднаныя арабскія эміраты.