Арыштаваны былы дэпутат і прадпрымальнік

Уладзімер Глод, Менск Як стала вядома з крыніцаў у пракуратуры Беларусі, затрыманы Мікалай Скутаў. У Палаце прадстаўнікоў другога скліканьня ён займаў пасаду намесьніка старшыні парлямэнцкай камісіі ў справах прамысловасьці, паліва-энэргетычнага комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтва.
У палаце папярэдняга скліканьня ў спадара Скутава быў устойлівы імідж. Тыя, хто ведалі толькі зьнешні бок працы Палаты, лічылі яго маўчуном. Цяпер, сапраўды, ужо цяжка згадаць, калі Мікалай Скутаў выступаў з парлямэнцкай трыбуны. Але многія дэпутаты, якія сустракаліся зь ім непасрэдна ня толькі ў дні сэсіяў, сьцьвярджаюць, што гэта быў адзін з разумнейшых парлямэнтароў. У кулюарах, шэптам на вуха ён нібыта даволі рэзка крытыкаваў дзеяньні ўладаў. Але агучыць свае погляды з парлямэнцкай трыбуны, альбо на старонках друку з пэўных прычынаў не хацеў.

Магчыма, таму, што Мікалай Скутаў прыйшоў у Палату зь бізнэсу – з пасады генэральнага дырэктара "БелРасУкрнафты". Да гэтага ён быў генэральным дырэктарам Беларускага прадстаўніцтва закрытага акцыянэрнага таварыства "Гандлёвы нафтавы дом". А яшчэ раней узначальваў у Менскім гарвыканкаме аддзел транспарту. Цікава, што і арыштавалі яго супрацоўнікі транспартнай пракуратуры Беларусі.

Першапачаткова спадар Скутаў казаў, што ён будзе балятавацца ў цяперашнюю Палату прадстаўнікоў, але затым зьмяніў сваё рашэньне. Некаторыя былыя дэпутаты, якія працавалі разам з Скутавым у папярэднім складзе Палаты, лічаць, што ён можа праходзіць альбо па нафтавай, альбо па чыгуначнай справах.