Падатковая інспэкцыя Мазыра зноў выстаўляе прэтэнзіі расейскаму прадпрыемству “Захад-Транснафтапрадукт”

Казімер Яноўскі, Гомель Нягледзячы на пагадненьне Беларусі й Расеі наконт прызнаньня за апошняй права на ўласнасьць комплексу “Захад-Транснафтапрадукт”, падатковая інспэкцыя Мазыра афіцыйна не адмовілася ад фінансавых прэтэнзіяў да гэтага расейскага прадпрыемства. Пазоў інспэкцыі пра спагнаньне з “Захад-Транснафтапрадукту” звыш 12 мільёнаў даляраў за працу без рэгістрацыі й недакладныя зьвесткі пра ўласьніка зноў разглядалі ў Гомельскім гаспадарчым судзе.
Дырэктар расейскага прадпрыемства “Захад-Транснафтапрадукт” Мікалай Альхімовіч заўважае, што прэтэнзіі да іх звычайна зьяўляюцца пры канцы восені, калі Беларусі трэба заключаць новыя дамовы з Расеяй на пастаўку прыроднага газу ды іншых энэрганосьбітаў.

(Альхімовіч: ) “Пазоў інспэкцыі па падатках і зборах зьявіўся пасьля адмены Вышэйшым гаспадарчым судом нашай рэгістрацыі. Ня было яснасьці наконт уласьніка прадпрыемства. На сёньня ўласьнік вызначаны — гэта Расея. Заснавальнікі прадпрыемства з Самары лічаць, што канфлікт павінен вырашыцца аўтаматычна. Аднак мэханізму адмены пастановы Вышэйшага гаспадарчага суду ў Беларусі няма. Парлямэнтары пра гэта ня думаюць. Цяпер ужо відавочна: як было наша прадпрыемства прыватным і замежным, зарэгістраваным ў Гомелі ў аблвыканкаме, так і будзе ім надалей. І зарэгіструе яго ўсё той жа аблвыканкам. Гэта нібыта адменіць зьяўленьне на сьвет дзіцяці, якому ўжо 25 гадоў”, — кажа дырэктар “Захад-Транснафтапрадукту” спадар Альхімовіч.

Паводле яго, на нядаўняй нарадзе ў Міністэрстве эканомікі фінансавыя прэтэнзіі да “Захад-Транснафтапрадукту” па сутнасьці адкінуты. Іх цяпер наагул нямэтазгодна выстаўляць. Падчас прызнаньня комплексу ўласнасьцю Расеі Беларусь, у сваю чаргу, атрымала падвышаную плату за транспартыроўку нафтапрадуктаў на сваёй тэрыторыі — з 60 да 89 цэнтаў амэрыканскага даляра за 1 тону на 100 кілямэтраў шляху.

Але пакуль расейскі бок не падасьць нанова дакумэнты на перарэгістрацыю “Захад-Транснафтапрадукту”, а Гомельскі аблвыканкам не зарэгіструе яго, падатковая інспэкцыя не наважана здымаць сваіх прэтэнзіяў да замежнага прадпрыемства.

У выніку пагадненьня бакоў разгляд пазову інспэкцыі суд перанёс на 1 сакавіка наступнага году.