Польшча зьмяніла расклад чыгуначнага руху

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы памяняўся расклад руху чыгуначнага транспарту – зьмены тычацца таксама і цягнікоў, якія ідуць ад беларуска-польскай мяжы. Больш падрабязна пра зьмены на польскай чыгунцы – наш варшаўскі карэспандэнт.
Інфармацыю пра новы расклад руху цягнікоў зручней за ўсё атрымаць на інтэрнэт-старонцы польскай чыгункі па адрасе www.pkp.pl. Там можна лёгка даведацца пра найбольш выгодныя чыгуначныя злучэньні ў Польшчы і Эўропе, аўтаматычна будзе запрапанаваны найбольш зручны зваротны шлях. Інфармацыю можна таксама атрымаць па тэлефоне +48225116003.

Польскія чыгуначнікі абяцаюць, што ад наступнага году расклад руху хуткіх і міжнародных цягнікоў у Польшчы будзе мяняцца толькі раз на тры гады, а не штогод, як было дагэтуль.

Між тым беларусам, якія зьбіраюцца ў падарожжа праз Польшчы чыгуначным транспартам варта ведаць пра яшчэ адну істотную зьмену – цяпер чыгуначныя вакзалы ўначы будуць зачыняцца на 4-5 гадзінаў. У гэты час знаходзіцца ў памяшканьні вакзалу змогуць толькі тыя, хто мае квіток на начны цягнік.

Варта таксама прыгадаць, што ў Польшчы ўжо створаная даволі шчыльная сетка прыватных аўтобусных маршрутаў, на якіх праезд нярэдка таньнейшы, чым на чыгунцы.