Зноў караюць за распаўсюд газэтаў – сябра “Зубр” атрымаў штраф больш за 3 мільёны

Любоў Лунёва, Менск Сябра моладзевага руху “Зубр” Андрэя Баранава Фрунзенскі суд Менску аштрафаваў на 3 мільёны 600 тысяч рублёў за заклік прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Дзень Дэклярацыі правоў чалавека.
Андрэя Баранава затрымалі ля ўваходу на станцыю мэтро “Пушкінская” за распаўсюд газэты “Выбар”. Міліцыянты ўгледзелі ў газэце заклік да ўдзелу ў акцыі апазыцыі 10 сьнежня і склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.

Судзьдзя Зьміцер Корнеў, улічыўшы, што Андрэй студэнт, не арыштаваў яго напярэдадні сэсіі. Ён абраў іншую меру пакараньня — штраф 150 мінімальных заробкаў (гэта каля 1700 даляраў). Раней за ўдзел у акцыі апазыцыі 20 кастрычніка Андрэя пакаралі штрафам 950 тысяч рублёў. Маці студэнта, Тацяна Баранава, заявіла Радыё Свабода, што такіх грошай сям’я ня мае.

(Баранава: ) “Для мяне гэтыя 3 мільёны 600 тысяч абсалютна фантастычная і непрымальная сума. Як можна караць штрафам студэнта, які нідзе не працуе, тым больш, што ў сям’і яшчэ двое дзяцей. Я гэтага не разумею. Па мне, дык лепш бы ён адседзеў некалькі сутак. Якая ў яго можа быць маёмасьць!? Прыйшлі, апісалі кампутар, усю маёмасьць. Яшчэ пагражаюць, што ў любы момант прыйдуць і забяруць”.

Міліцыянты Партызанскага раёну сталіцы затрымалі ў Лінгвістычным унівэрсытэце Вераніку Выгоўскую. Яе абвінавацілі ў распаўсюдзе газэты “Революция”, якая выдаецца ў Санкт-Пецярбургу, і ў расклейваньні налепак з інфармацыяй пра акцыю на Кастрычніцкай плошчы. Міліцыянты склалі пратакол паводле 143 артыкулу (антысанітарыя). За гэта адміністрацыйная камісія выканкаму можа пакараць штрафам да двух мінімальных заробкаў.