Крычавец будзе чакаць зьменаў у палітычнай сытуацыі, каб дамагчыся справядлівага судовага разгляду

Марыя Ўсьціновіч, Крычаў Канстытуцыйны суд Беларусі адмовіў жыхару Крычава Лявону Сьвеціку ў разглядзе яго справы на адпаведнасьць асноўнаму закону краіны. Нягледзячы на тое, што падставай для звароту ў Канстытуцыйны суд стала рашэньне Камітэту правоў чалавека ААН, паводле якога правы крычаўца былі парушаны беларускай дзяржавай.
Лявон Сьвецік прасіў Канстытуцыйны суд праверыць, ці не парушаны яго правы і свабоды, гарантаваныя Канстытуцыяй Беларусі. Крычавец лічыць, што яго несправядліва пакаралі чатыры гады таму за заклік да байкоту выбараў. На яго бок стаў Камітэт правоў чалавека ААН, рашэньне якога Сьвецік нядаўна атрымаў.

Аднак спачатку Вярхоўны суд Беларусі праігнараваў меркаваньне аанаўскага камітэту і адмовіў у пераглядзе справы, а цяпер Канстытуцыйны суд паведаміў Лявону Сьвеціку, што ня мае права ўмешвацца ў дзейнасьць судоў агульнай юрысдыкцыі. Такім чынам, крычаўскі актывіст прайшоў усе судовыя інстанцыі Беларусі, але лічыць, што так і не знайшоў праўды. Што ў такім разе ён плянуе рабіць далей?

(Сьвецік: ) “Пакуль такая сытуацыя ў дзяржаве, чалавек ня можа абараніць сваіх правоў у дзяржаўных органах, калі міжнародныя органы кажуць, што сапраўды вашыя правы будуць парушаныя. Таму я спынюся і буду чакаць, калі зьменіцца палітычная сытуацыя ў Беларусі”.