13 год таму было падпісанае пагадненьне ў Віскулях: Савецкі Саюз дэ-юрэ перастаў існаваць

Алесь Дашчынскі, Менск 8 сьнежня 1991 года ў беларускай урадавай рэзыдэнцыі Віскулі ў Белавескай пушчы кіраўнікі Беларусі, Украіны й Расеі падпісалі пагадненьне аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Яго падпісалі кіраўнікі трох рэспублік – Станіслаў Шушкевіч, Леанід Краўчук і Барыс Ельцын. З гэтага моманту Савецкі Саюз перастаў існаваць як суб’ект міжнароднага права й геапалітычная рэальнасьць.
Якая была неабходнасьць у падпісаньні Белавескага пагадненьня? Паводле спадара Шушкевіча, у той час трэба было канстатаваць, што СССР як геапалітычная рэальнасьць спыніў сваё існаваньне. Такая сытуацыя склалася ў рэальнасьці, але не была канстатаваная дэ-юрэ. Гэтую гістарычную ролю й выканалі кіраўнікі Беларусі, Украіны й Расеі. Станіслаў Шушкевіч цьвердзіць, што рашэньне пра стварэньне СНД было спантанным.

(Шушкевіч: ) “Фактычна, гэта сапраўды ўзьнікла там, на месцы, ужо ў Віскулях. А наконт таго, хто першым падаў гэту ідэю – многа спрэчак. Калі пагадзіліся падпісаць гэта, то далей ужо пытаньня не ўзьнікала, гэта было даручэньне прывесьці ў адпаведнасьць гэтыя словы з астатнімі пазыцыямі. Так узьнікла 14 пунктаў гэтай дамовы, і нічога не было падрыхтавана так, што загадзя экспэрты там, нічога гэтага не было, гэта ўсё рабілася там за адну ноч”.

Цягам 13 гадоў прэса нямала пісала пра тую гістарычную ноч – да прыкладу, што удзельнікі сустрэчы ў Віскулях быццам бы асьцерагаліся, што Міхаіл Гарбачоў прышле спэцназ і ўсіх арыштуе. Станіслаў Шушкевіч называе гэта выдумкамі.

(Шушкевіч: ) “Такога не было, абсалютна. Я не адзін раз выклікаў да сябе Шыркоўскага й пытаўся, ці магу я быць спакойным за лёс тых, хто там зьбіраецца. Ён сказаў, што добра сабе ўсьведамляе, і што я магу быць спакойным. Я верыў тагачаснаму кіраўніку КДБ Беларусі Эдуарду Шыркоўскаму”.

Яшчэ адзін міф – Аляксандар Лукашэнка цьвердзіць, што менавіта ён, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету, галасаваў супраць ратыфікацыі пагадненьня пра ўтварэньне СНД.

(Шушкевіч: ) “Гэта брахня зь яго боку, таму што згодна з канстатацыяй электроннага галасаваньня, ён у галасаваньні ўдзелу не прымаў. А супраць галасаваў толькі Ціхіня, гэта добра вядома, ён і выступіў супраць”.

Адзін з ліквідатараў савецкай імпэрыі, вядомы і паважаны ў сьвеце палітык, былы сьпікер беларускага парлямэнта Станіслаў Шушкевіч атрымоўвае цяпер пэнсію ў 3200 рублёў (гэта менш чым паўтара даляры). Фактычна, пэнсія былога кіраўніка краіны ў 40 разоў меншая за мінімальны пражытачны мінімум, устаноўлены ў Беларусі.

(Шушкевіч: ) “Крадзе ў мяне пэнсію пэрсанальна Лукашэнка, ён скрадае гэтыя грошы, і яны патрапляюць у яго фонд, і ён зьяўляецца злодзеем, таму што па ягонаму часоваму дэкрэту, насуперак закону, прынятаму Вярхоўным Саветам, такая мая пэнсія абмежаваная. Гэта яго асабістая справа, яго інтэлект, узровень яго разуменьня, што ёсьць што і хто ёсьць кім”.

Станіслаў Шушкевіч называе СНД структурай для добрых парадаў і для збору кіраўнікоў дзяржаў. Садружнасьць працуе цяпер ня больш, чым працавала раней, і прычына ў тым, што яна кіруецца з Масквы.

Ня можа дараваць белавескія падзеі Станіславу Шушкевічу дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян, які лічыць цяпер за неабходнае стварэньне новага саюзу, які ніхто ня змог бы разваліць.

(Касьцян: ) “Гэта была вялікая здрада ўсім народам, гэта быў удар у сьпіну сваім народам ад людзей, якія ачольвалі нашу дзяржаву і нашы рэспублікі. Яны заслугоўваюць толькі аднаго: пакараньня праз павешаньне і больш нічога”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў не выключае, што 13 гадоў таму некаторыя палітыкі ў Віскулях, магчыма, і спадзяваліся, што СНД будзе жыцьцяздольнай структурай.

(Фёдараў: ) “Але дзякуй Богу, гэта атрымалася як нейкая формула цывілізаванага разводу – ну, тут не Югаславія, абышлося без крыві. Наяўнасьць ядравай зброі ў некаторых краінах, магчымыя канфлікты паміж імі, напруга магла ўзьнікнуць, таму сваю ролю СНД адыграла: яна дазволіла разысьціся безь вялікіх узрушэньняў для кожнага яе ўдзельніка”.

Апрача дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы, 8 сьнежня 1999 году была падпісаная праграма дзеяньняў дзеля яе рэалізацыі, аднак бальшыня пунктаў засталіся нявыкананымі. Напрыклад, дагэтуль ня створаная камісія правоў чалавека саюзнай дзяржавы, пра якую гаворыцца ў 16-м артыкуле дамовы.

Дамова прадугледжвала стварэньне Найвышэйшай дзяржаўнай рады, якая час ад часу зьбіраецца на свае паседжаньні, а таксама Парлямэнту, Суду й Лічыльнай палаты саюзнай дзяржавы, якіх дагэтуль няма. Існуе Парлямэнцкі сход Саюзу Беларусі й Расеі, хаця ў дамове 8 сьнежня заяўлена, што Саюз Беларусі й Расеі скасаваны.

Саюзны Савет Міністраў ладзіць паседжаньні, яго традыцыйна ачольвае расейскі прэм’ер, бо нязьменным старшынём Найвышэйшай дзяржаўнай рады 5 гадоў ёсьць Аляксандар Лукашэнка.

Паводле дамовы 8 сьнежня, саюзны парлямэнт мусіць складацца зь дзьвюх палат. У Палаце Саюзу мае быць па 36 дэпутатаў ад Беларусі і ад Расеі, а ў саюзнай Палаце прадстаўнікоў – 75 расейскіх дэпутатаў і 28 беларускіх.