Калі кардыяхірургі будуць асуджаныя, апэраваць ня будзе каму

Алег Грузьдзіловіч, Менск У Маскоўскім раённым судзе Менска ідзе працэс над кардыяхірургамі, якіх падазраюць у тым, што яны падманвалі хворых на сэрца. Сьледчыя вылічылі памер нібыта нанесеных лекарамі стратаў, але калі суд стане на бок сьледзтва, то пацерпяць хворыя.
Апэрацыі на сэрцы лічацца ўнікальнымі. Працэс у Маскоўскім судзе над тымі, хто робіць апэрацыі на сэрцы, таксама ўнікальны. На лаве падсудных – чатыры лекары з рэспубліканскага Цэнтру кардыяхірургіі й адказны супрацоўнік прадпрыемства “Мультымэдыцына”. Паводле сьледзтва, гэтая злачынная групоўка была арганізаваная дзеля таго, каб зарабляць на сардэчных хваробах. Лекары нібыта ўжыўлялі хворым танныя айчынныя прэпараты, а за гэта бралі грошы як за дарагія імпартныя.

Таксама ў справе ёсьць эпізоды, калі аднаразовы мэдыцынскі матэрыял ужываўся двойчы – лекары даставалі з сэрца памерлага чалавека пэўную прыладу і ўжыўлялі яе хвораму, чыё сэрца станавілася гэтакім “сэканд-хэндавым” сэрцам. “Але яно білася, значыць мы выратоўвалі хвораму жыцьцё”, кажуць ў сваё апраўданьне на судзе лекары. Сьледчыя ж бачаць у іх дзеяньнях парушэньні закону. Збольшага, паводле сьледчых, страты, якія махляры ў белых халатах нібыта нанесьлі хворым, сягаюць да 65 мільёнаў рублёў. Абвінавачаным пагражае 10 гадоў турмы.

Між тым, усе яны сваю віну адмаўляюць, хаця і пагаджаюцца, што ў некаторых выпадках парушалі інструкцыі. Прыкладам, калі бралі грошы за дадатковыя паслугі. Але лекары заяўляюць, што бралі грошы не сабе, а закуплялі на іх матэрыялы для апэрацыяў хворым, якія ня мелі дастаткова сродкаў. У судзе ўжо неаднаразова гучалі скаргі на дрэннае забесьпячэньне дзяржаўнага кардыяхірургічнага цэнтру неабходнымі прыладамі.

Цікавае і такое назіраньне: два з абвінавачаных кардыяхірургаў і цяпер не пад вартай, у суд яны прыходзяць ў перапынках паміж апэрацыямі: сьцьвярджаюць, што замяніць іх няма кім. Гэта пацьвердзіў адзін з супрацоўнікаў Цэнтру, які не пажадаў назвацца, бо баіцца дрэнных наступстваў ад гэтага скандалу для сваёй лекарскай рэпутацыі.

(Хірург: ) “Калі суд вырашыць, што яны вінаватыя і іх ізалююць, то, адпаведна, частка апэрацыяў выконвацца ня будзе. Бо няма каму. Падрыхтоўка такіх адмыслоўцаў сапраўды займае шмат часу. Прыкладам, я б такія апэрацыі не зрабіў, патрэбныя спэцыфічныя навыкі”.

Паводле дадзеных гэтага адмыслоўцы, за год да арышту лекараў Цэнтру кардыяхірургіі было зроблена каля 150 падобных апэрацыяў, сёлета ўжо меней за сто, а калі асудзяць яшчэ двух супрацоўнікаў цэнтру, колькасьць праапэраваных скароціцца на парадак. Між тым у Беларусі падобная апэрацыя фактычна бясплатная, а за мяжой яна каштуе ад 3 да 10 тысяч даляраў.

(Хігург: ) “І самае галоўнае, калі іх ізалююць, то і вучыцца ня будзе ў каго. На захадзе магчыма скапіраваць мадэль, але немагчыма яе адразу ўжыць”.

Тым ня менш, закон нікога не вызваляе ад адказнасьці за злачынства, калі яно прызнанае судом – на гэтай пазыцыі стаіць судзьдзя Кузьняцова, якая разглядае справу кардыяхірургаў.