“Беларускамоўная музыка аб’яднае беларусаў”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Нумар польскага штодзёньніка “Życie” ад 4 сьнежня прысьвячае цэлы разварот матэрыялам пра стан сучаснай беларускай незалежнай культуры. Вялікая ўвага надаецца беларускім рок-музыкам, якія ўсё часьцей вымушаныя працаваць ва ўмовах падпольля.
Аўтар артыкулу “Беларускі рок аб’ядноўвае”– Уладзімер Міхневіч – распавядае пра апошнія забароны для беларускіх радыёстанцыяў і канцэртных арганізацыяў пускаць у эфір музыку гуртоў “Крама”, “Палац”, “Нэйра Дзюбель”, “Зэт” ды іншых, а таксама арганізоўваць іх канцэрты.

“Адмена канцэртаў, адсутнасьць магчымасьцяў запісваць плыты і здымаць кліпы – гэта штодзённыя праблемы, зь якімі сутыкаюцца беларускамоўныя гурты. Беларуская мова і пратэст супраць дыктатуры – гэта галоўныя прычыны забароны канцэртаў”, піша газэта.

У матэрыяле адсочваецца гісторыя паўстаньня беларускай рок-сцэны ад канца 1980-х да цяперашняга часу, прычым, паводле аўтара, пачатак 1990-х гадоў быў “залатым часам” для беларускага року.

“Тады на канцэртах нікога не зьбівалі, не адбіралі нацыянальныя сьцягі, а напрыканцы выступаў супрацоўнікі аховы нярэдка таньчылі разам з усімі”, адзначае спадар Міхневіч.

Напрыканцы артыкулу польскі штодзёньнік цытуе лідэра гурту “Нэйра Дзюбель” Аляксандра Кулінковіча, які выказвае ўпэненасьць, што беларускамоўная музыка аб’яднае беларусаў вакол беларускай культуры.