Генадзь Бураўкін: “Нас адлучаюць ад дзяржаўных выдавецтваў за любоў да Беларусі”

Валянціна Аксак, Менск Сёньня ўвечары ў Доме літаратара адбываецца прэзэнтацыя новай кнігі Генадзя Бураўкіна “Жураўліная пара”, якую адмовілася выдаваць дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”. “Але, — гаворыць паэт, — з тымі, хто адбыўся як літаратар да прыходу гэтае ўлады, чыноўнікі ўжо нічога ня могуць зрабіць”. У інтэрвію нашай карэспандэнтцы Валянціне Аксак Генадзь Бураўкін прызнаўся, што нават ганарыцца тым, што патрапіў у чорны сьпіс забароненых у дзяржаўных выдавецтвах імёнаў. Дзьве апошнія яго паэтычныя кнігі выйшлі ў незалежных выдавецтвах.
(Бураўкін: ) “Калі я прынёс у “Мастацкую літаратуру” рукапіс, то сустрэлі яго даволі добра, ва ўсякім разе, мне так здалося”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі гэта было, у якім годзе?”

(Бураўкін: ) “Кніжка “Жураўліная пара” мае падзагаловак — “Вершы канца стагодзьдзя”. У ёй сабраныя вершы, якія былі напісаныя ў тры апошнія гады мінулага стагодзьдзя. І ў пляне на 2003 год стаяла гэтая кніжка, пасьля яе перанесьлі ў плян 2004 году. Але я ўбачыў, што няма жаданьня выдаць мой рукапіс… Заказаў на маю кніжку, як мне стала вядома, было дастаткова, каб яе выдаць. Ну а фінансы? Фінансаў, канечне, у выдавецтва небагата. Але выходзяць жа кніжкі нейкіх палкоўнікаў, падпалкоўнікаў розных сілавых ведамстваў, значыць, таксама, відаць, ня ў гэтым пытаньне. Кончылася тым, што я рукапіс забраў”.

(Карэспандэнтка: ) “На вашую думку, чаму ўсё-такі выдавецтва “Мастацкая літаратура” адмаўляе ў выданьні кнігаў такіх вядомых, аўтарытэтных аўтараў, як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, вы?”

(Бураўкін: ) “Не выдаюць Ніла Гілевіча, Анатоля Вярцінскага, Віктара Каська… Я магу назваць дзясяткі імёнаў, прытым, ня проста імёнаў, а імёнаў сапраўды таленавітых людзей, людзей з Божым дарам. І ўся іх віна перад дзяржавай нашай у тым, што гэты Божы дар — беларускі Божы дар. Ёсьць, відаць, нейкі чорны сьпіс тых пісьменьнікаў, чые імёны непажадана бачыць на вокладках кніг”.