СТРАЗБУР. Эўрапарлямэнт ладзіць экстранную сэсію, прысьвечаную крызысу ва Ўкраіне. Рэзалюцыя ў гэтай справе чакаецца заўтра.
КІЕЎ. Ва Ўкраіне парлямэнт прагаласаваў за адстаўку ўраду, у тым ліку прэм’ер-міністра Віктара Януковіча.
Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш выразіў рашучую падтрымку намаганьням эўрапейскіх краінаў і міжнародных арганізацыяў па вырашэньні палітычнага крызысу ва Ўкраіне.
Вярхоўны пасланьнік па зьнешніх сувязях Эўразьвязу Гаўер Салана правёў перамовы з прэзыдэнтам Леанідам Кучмам аб урэгуляваньні крызысу ва Ўкраіне.
Сёньня ва Ўкраіну з пасярэдніцкай місіяй зноў прыбываюць Прэзыдэнты Летувы і Польшчы, а таксама Генэральны сакратар АБСЭ Ян Кубіш. Прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі заклікаў Расею весьці перамовы ня толькі з Віктарам Януковічам, але й зь Віктарам Юшчанкам.
Вярхоўны Суд Украіны працягвае разгляд 12 тамоў скаргаў прыхільнікаў Віктара Юшчанкі на фальшаваньне вынікаў галасаваньня ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў.