Будні і праблемы рынкаў у беларускіх райцэнтрах і мястэчках

Аляксандар Уліцёнак, Менск Новая перадача з сэрыі “Тэматычная палітгеаграфія”
Хоць заробкі шараговых грамадзянаў у Менску самыя высокія ў краіне, рынкі растуць там, нібы грыбы. Яшчэ большая іхняя папулярнасьць у рэгіёнах, дзе людзі жывуць прыкметна бядней. Рынкавую прывабнасьць сталіцы шмат у чым вызначае таварны асартымэнт, які прапануюць прадаўцы. А вось правінцыю найперш падкупляюць ніжэйшыя, чым у крамах, цэны на кірмашах.

Кожную нядзелю я еду на Камароўку, каб на тыдзень запоўніць лядоўню. У краме, што побач, купляю толькі хлеб ды малако. Рынак больш зручны: эканомія часу, вялікі выбар прадуктаў, таннасьць... Прычым заўважная. Настолькі, што час ад часу сюды адмыслова прыяжджаюць затаварыцца сваякі й знаёмцы з рэгіёнаў. Скардзяцца: “У нас цэны куды вышэйшыя...” Далей пачынаецца размова пра карысьць канкурэнцыі, якой спрыяе вялікі горад. У райцэнтрах жа іншае:

(Спадарыня: ) “У Паставах на кірмашы заўсёды было шмат людзей, там можна было ў нядзелю сустрэць усіх сваіх знаёмых. Там была вялікая штурханіна, вельмі няпроста было набыць што-небудзь, асабліва ў нядзелю”.

Маці сябра, якая жыве ў Пастаўскім раёне, цяпер са шкадаваньнем згадвае гарадзкі рынак пад голым небам. Нядаўна яго зьліквідавалі: усім гандлярам прапанавалі перайсьці ў пераабсталяваны пад крыты кірмаш заводзкі цэх. Хто пасьпеў тое-сёе назьбіраць, ахвотна пагадзіўся: хоць дорага, але ня трэба мерзнуць, мокнуць...

А што рабіць такім безграшовым, як цётка Ганна? Яна скардзіцца, аднак колішнія таварышкі тактоўна пярэчаць. Маўляў, і рэгіёны павінны далучацца да “цывілізацыі”. У адказ Ганьніна сяброўка адным махам залічыла пасьпяховых гандляроў у спэкулянты: маўляў, ня вы – Лукашэнка дбае пра людзей! “Спэкулянты” супраціўляюцца:

(Спадарыня: ) “Ён нас хлебам корміць!”

(Спадарыня Валянціна: ) “Мы вас хлебам кормім, а ня ён вас корміць”.

(Спадар Алег: ) “Ні Кебіч, ні Шушкевіч вас, ніхто не карміў. А плацілі вашы дзеці, якія працуюць, адлічэньні ідуць у сацбюджэт. Ня трэба казаць, што нехта вас корміць...”

(Спадарыня Алена: ) “Мы вось робім, але нам не хапае. І дзяржаве дапамагаем – па 100 даляраў кожны месяц плацім. І ў пэнсійны фонд плацім. Але што мы тут маем?! Толькі за месца пералічваем дзяржаве 240 тысяч”.

Як і Пастаўшчына, Узьдзенскі раён – сельскагаспадарчы. Прамысловасьці тут амаль няма. Аднак у райцэнтры ажно тры базарчыкі: адзін рэчавы і два харчовыя. Найперш іх наведваюць пэнсіянэры. Чаму – не сакрэт:

(Першая спадарыня: ) “У краме даражэй. Вось мы глядзім алей”.

(Другая спадарыня: ) “Так, на рынку таньней. Я сама вось макарону брала”.

(Першая спадарыня: ) “Але, мука лідзкая, макарона вельмі добрая і нашмат таньнейшая. Вось я сёньня ў краме пыталася, дык там на рублёў 200 даражэй. Дык жа лепей узяць на рынку, калі ў мяне 102 тысячы пэнсіі”.

(Другая спадарыня: ) “Хоць на нейкіх 10 рублёў таньней. Дык усё роўна бяруць лепей на рынку, чымся ў краме. А крамнае – тады, калі няма на рынку”.

Дарэчы, пэнсіянэры зусім ня самыя бедныя людзі. На вёсках і ў мястэчках сярод маладзейшых шмат беспрацоўных. Але й тыя, хто пры рабоце, часта маюць зусім мізэрныя заробкі. Такім рынкі маглі б даваць магчымасьць ня толькі эканоміць на цэнах, але й гандляваць сваім таварам. Тым, што вырасла на агародзе, выгадавалася ў хлеўчуку. Аднак не паўсюль кірмашы маюць падтрымку. Іх разьвіцьцё часам стрымліваецца чыноўнікамі.

(Спадарыня: ) “Паглядзіце самі на наш кірмаш! У нас няма тут месца, каб я магла прадаваць малако! Добра, што наша Дуброўна амаль вёска – невялікі гарадок, можна ўвесь абысьці. Вось і хаджу па дварах са сваім малаком або іду да вялікае крамы, каб прадаць. На кірмашы было б зручней, але на кірмашы – нельга, няма магчымасьці. Бачыце, тут усяго пару прылаўкаў стаіць. Каб была ў нас магчымасьць, дык і масла можна было б зрабіць, і тварагу прадаць. Але ж няма!”

У больш шырокім пляне гаспадыня наракае на дзяржаўныя гігіенічныя патрабаваньні. Не ўва ўсім яна мае рацыю – тут парадак сапраўды павінен быць на вельмі высокім узроўні. Іншая рэч – як ён дасягаецца? Вось дзе суцэльнае бюракратычнае засільле! Летась, паводле зьвестак Міжнароднай фінансавай карпарацыі, затраты на атрыманьне гігіенічнага пасьведчаньня ў параўнаньні з 2001-м годам павялічыліся амаль удвая. І часьцяком, як у тым жа Дуброўне, патрабаваньні да стандартаў гандлю надзвычай строгія і грувасткія, а ўмоваў, каб іх вытрымаць – амаль ніякіх. Гадамі жыхары райцэнтру дабіваюцца пабудовы крытага рынку, каб можна было гандляваць праверанымі прадуктамі, аднак зрухаў ніякіх. І што тады?

(Спадарыня: ) “Адзінае застаецца – хадзіць во па дварах ды прадаваць. Бяруць, у каго дзеці малыя або хворы ў доме: ведаюць ужо мяне, самі зьвяртаюцца. Гэта ўжо мае кліенты. Ну, добра, што хаця б так!”

Выходзіць, празь непаваротлівасьць ці абыякавасьць уладаў церпяць спажыўцы. Хто дае гарантыю, што малако, якім гандлюе гэтая кабета, адпавядае санітарна-гігіенічным нормам? З другога боку, у такой сытуацыі шмат страчваюць і руплівыя гаспадары з рынкавай, як кажуць, жылкай. Вось яшчэ адно меркаваньне пра сытуацыю ў Дуброўне:

(Спадар: ) “Усе парогі ў тым райвыканкаме паабівалі... Прэзыдэнту трэба пісаць! Вось я мяса ды сала вымушаны здаваць перакупнікам, па нізкіх цэнах. А на кірмашы, каб была магчымасьць, я й сам бы цэны ўстанавіў! А так – нават было адзін раз такое, што пабілі мяне. З цыганамі гэта было. Адабралі ўсё, і грошай я, вядома ж, не атрымаў...”

“Вэртыкальшчыкі” ў такіх выпадках звычайна спасылаюцца на бедны бюджэт. Аднак у людзей свая вэрсія: тое робіцца наўмысна, каб пазбавіць канкурэнцыі падпарадкаваныя ўладам структуры. Так, у Сянно забаранілі гандляваць на кірмашы... у нядзелі! У спрадвеку самы кірмашовы дзень!

(Спадар: ) “Гэта прыдумана для таго, каб квітнеў райспажыўсаюз ды дзяржаўны гандаль. Нашыя прадпрымальнікі выкарысталі, здаецца, ужо ўсе магчымыя формы змаганьня з самавольствам уладаў ды спажыўсаюзу: пісалі адкрытыя лісты, зьбіралі подпісы, нават страйкавалі. Але вынікаў гэта не дало, і некаторыя прадпрымальнікі, груба кажучы, абламаліся: згортваюць свой гандаль, каб заняцца чым іншым”.

Гэтая тэндэнцыя характэрная й для іншых рэгіёнаў. У Менску, абласных гарадох для адстойваньня сваіх правоў, арганізаванага супраціву гандляры аб’ядноўваюцца, ідуць у палітыку. Цяжэй прадпрымальнікам з аддаленых райцэнтраў, невялічкіх мястэчкаў. Многія баяцца быць залічанымі ў “апазыцыю” і застаюцца сам-насам зь бясконцымі праблемамі. Аднак не ўратоўвае. Гаворыць пінскі камэрсант Сяргей Касьцюковіч:

(Касьцюковіч: ) “У Пінску чатыры з паловаю тысячы прадпрымальнікаў. Хаця год таму было пяць з паловаю тысяч. Я думаю, што тэндэнцыя такая. Што колькасьць прадпрымальнікаў будзе зьніжацца”.

Яшчэ адно меркаваньне:

(Крываль: ) “Калі праехаць па нашай Узьдзе, то можна паглядзець, колькі ўжо пабудаваных шапікаў стаяць зачыненыя. Амаль на кожнай вуліцы. Да прадпрымальнікаў адносіны з боку ўладаў своеасаблівыя. Чамусьці гэтая катэгорыя людзей ім не падабаецца. І я ведаю чаму: гэтыя людзі не падладжваюцца пад тое, чаго хоча вэртыкаль, яны маюць сваю думку”.

Так разважае дэпутат райсавету, былы заатэхнік, прадпрымальнік Віктар Крываль. Зь мясцовага рынку яго фактычна выціснулі мясцовыя чыноўнікі і адміністрацыя. Ён, як кажуць, “няўгодны”: сябра БСДП “Народная Грамада”, вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў... Занадта часта здаралася, што прывязе Віктар мяса, а гандляваць нібыта няма дзе. Вось і пайшоў з рынку, арандаваў памяшканьне і адкрыў краму. Ад гэтага і яму горш, і пакупнікам з кірмашу лепш ня стала. А ўладам які клопат?

(Крываль: ) “На мінулай сэсіі райсавету было пытаньне пра стан разьвіцьця прыватнага сэктару. Ну што? Усё зьмяншаецца. І ў колькасным, і ў якасным кірунку”.

Гэтую думку спадара Крываля ілюструе сытуацыя ў Жодзіне. Год таму мясцовы рынак вынесьлі з цэнтру гораду ў прамысловую зону. Эстэтыка асяродзьдзя, на якую пры гэтым спасылаліся, выйграла, “падняліся” цэнтральныя крамы, а вось спажыўцы прайгралі. Таму яны й падтрымалі наваствораную грамадзкую ініцыятыву “За вяртаньне рынку”. Гаворыць адзін зь яе лідэраў Аляксей Лапіцкі:

(Лапіцкі: ) “Для масы людзей гэта было б вельмі зручна, і можна было б зрабіць яго цывілізаваным. Без куродыму, брудных выкідаў і радыяцыі. Бо ў нас ёсьць адказ зь Мінпрыроды ад намесьніка міністра Апацкага: тэрыторыя, дзе рынак цяпер, знаходзіцца ў санітарна-ахоўных зонах трох прадпрыемстваў, што недапушчальна”.

Гэта – яшчэ адно сьведчаньне пашыранай практыкі, калі жорсткія патрабаваньні да ўмоваў гандлю на рынках выкарыстоўваюць выбарачна, на чыюсьці карысьць.

(Лапіцкі: ) “Там інтарэсы выканкаму й інтарэсы “мафіі”, якая сфармаваная ў Жодзіне. Яна вельмі моцная. Яны кантралююць і сфэру гандлю, і сфэру будаўніцтва. Ёсьць пляцоўка, якую яны для некага забраніравалі”.

Рынкавы бізнэс разьвіваецца няроўна. На перападах прыбытку часьцей трацяць шараговыя гандляры – моцныя выжываюць за іх кошт, чакаюць лепшае пары. За яе й вядзецца ўпартая барацьба. Хто выжыве цяпер, кажуць дасьведчаныя рынкавыя вэтэраны, неўзабаве возьме сваё “з крутым наварам”...

Сяргей Касьцюковіч ўзначальвае пінскую суполку дробных прадпрымальнікаў з сымбалічнай назваю “Пэрспэктыва”. Якой яна бачыцца людзям, далёкім ад улады?

(Касьцюковіч: ) “Мае месца тэндэнцыя да зьнішчэньня малога бізнэсу. Таму што ўмовы пагаршаюцца з кожным месяцам. У чым гэта выяўляецца? У пытаньнях сэртыфікацыі, ліцэнзаваньня...”

Паводле зьвестак Міжнароднай фінансавай карпарацыі, умовы сэртыфікацыі тавараў і паслуг за апошнія 6 гадоў зьмяняліся ў краіне больш за 10 разоў. Замежных экспэртаў турбуе й непразрыстасьць гэтай грувасткай працэдуры, што падштурхоўвае да хабару, пабораў... Такія выдаткі ў далейшым, так бы мовіць, “кампэнсуюцца” падвышанымі цэньнікамі. І тады пачынаюцца бясконцыя праверкі, сыплюцца штрафы – кола замыкаецца... Гаворыць кіраўніца аналітычнага цэнтру прадстаўніцтва МФК у Беларусі Тацяна Баранава:

(Баранава: ) “Самае складанае – гэта праверкі. Гэта дастаткова паказальны вынік, каб казаць, што праблема існуе на ўсіх узроўнях. Праверкі – гэта своеасаблівая вяршыня айсбэргу”.

Паводле Сяргея Касьцюковіча, у даходнай частцы пінскага бюджэту на гэты год заплянаваны штрафы ў суме 700 мільёнаў рублёў. І самыя розныя кантрольныя інстанцыі, што называецца, “шчыруюць” на фіскальнай ніве... Атрымліваецца, дзяржава сама ўвесь час правакуе пазаправавую сытуацыю?

(Касьцючэнка: ) “Няпэўнасьць ёсьць. Бо ніхто ня ведае, якія ўрад створыць умовы для прадпрымальнікаў. Заканадаўства нестабільнае, мы ня ведаем, што будзе заўтра”.

У Беларусі даўно насьпела патрэба комплекснай карэкцыі нарматыўна-прававой базы разьвіцьця малога бізнэсу й прадпрымальніцтва, аднак па-ранейшаму на практыцы важныя юрыдычныя працэдуры ўскладняюцца, хоць і без таго яны стрымліваюць разьвіцьцё гэтага сэктару эканомікі. Напрыклад, у Расеі тэрмін рэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня ў шэсьць разоў карацейшы, чым прадугледжвае беларускае заканадаўства. А ва Ўкраіне – у 12 разоў... Ці не таму Лукашэнка заявіў днямі пра неабходнасьць новых падыходаў у гэтай сфэры? Гандляры вераць у такую пэрспэктыву:

(Касьцюковіч: ) “Мы гэта ўжо чуем з 2001 году. Зь перадвыбарчай праграмы Аляксандра Лукашэнкі. Але тое, што абяцаў Аляксандар Лукашэнка, усё практычна засталося на паперы…”