Лукашэнка зрабіў сваю прэсавую сакратару намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі

Юры Сьвірко, Менск Прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Пяткевіч заняла месца, вызваленае Аляксандрам Абрамовічам, які стаў намесьнікам старшыні Савету Рэспублікі.
У чацьвер Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім вызваліў з пасады сваёй прэсавай сакратаркі Натальлю Пяткевіч і прызначыў яе намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Цяпер спадарыня Пяткевіч будзе адказваць за ўдасканальваньне заканадаўчай базы Беларусі, каардынацыю дзейнасьці дзяржаўных органаў у галіне права, узаемадзеяньне з органамі судовай улады ды кантакты з парлямэнтам. Раней гэтымі пытаньнямі ў Лукашэнкавай адміністрацыі займаўся Аляксандар Абрамовіч, які цяпер абраны віцэ-сьпікерам Савету Рэспублікі.

32-гадовая спадарыня Пяткевіч да свайго прызначэньня на пасаду прэсавага сакратара кіраўніка дзяржавы працавала ў дзяржаўна-прававой управе адміністрацыі, таму на новай пасадзе зоймецца старой справай. Яна 10 гадоў таму скончыла БДУ й мае ступень кандыдата юрыдычных навук.

Аляксандар Лукашэнка за 10 гадоў кіраваньня меў ужо амаль 20 прэсавых сакратароў і кіраўнікоў прэсавай службы. Натальля Пяткевіч у 2001 годзе зьмяніла на гэтай пасадзе Мікалая Барысевіча, які цяпер у рангу часовага паверанага кіруе амбасадай Беларусі ў Чэхіі.

Спадарыня Пяткевіч запомнілася журналістам тым, што ніколі не гаварыла па-беларуску, вельмі часта адмаўлялася ад камэнтароў незалежным СМІ, проста кідаючы тэлефонныя трубкі, а таксама адкрыта непраўдзівымі заявамі. Так, у дзень абвяшчэньня Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму яна сказала Радыё Свабода, што зварот кіраўніка дзяржавы да нацыі будзе прысьвечаны трагедыі Бэслану, дзе загінула шмат школьнікаў.