90% леташніх дзяржаўных праверак прадпрыемстваў заканчваліся штрафамі ад 700 даляраў і вышэй

Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку
Рэгіянальныя й цэнтральныя газэты Беларусі па-ранейшаму застаюцца неабыякавымі да падзеяў, якія гэтымі днямі адбываюцца ва Ўкраіне.

“Штаб зачынены. Усе пайшлі на рэвалюцыю” – так называецца артыкул на тэму украінскіх выбараў у “Беларускай дзелавой газэце”. Гэта аналітычны агляд украінскіх падзеяў і ўсяго, што ў зьвязку з гэтым адбывалася ў сьвеце. Да прыкладу, віншаваньне Ўладзімера Пуціна й Аляксандра Лукашэнкі Віктару Януковічу, а таксама непрызнаньне афіцыйных вынікаў украінскіх выбараў краінамі Эўропы й ЗША.

У артыкуле пад назваю “Трамплін да народу” БДГ распавядае пра падрыхтоўку беларускіх палітычных сілаў да сваіх прэзыдэнцкіх выбараў. А менавіта – пра спробу лідэраў партыяў даць рэальную ацэнку людзкіх рэсурсаў. Паводле аўтара, апазыцыя мяркуе, што вырашальную ролю ў разьвіцьці палітычных падзеяў будуць мець рэгіянальныя структуры партыяў.

Газэта “Кур’ер з Барысава” друкуе артыкул пад назваю “Украіна: Змаганьне аранжавага зь сінім”. Гэта інтэрвію з барысаўчанкай Марынай Статкевіч, якая была назіральніцай за галасаваньнем ў Горадзе Камсамольску Палтаўскай вобласьці ў якасьці прадстаўніцы праваабарончага цэнтру Вясна. Газэта зьмяшчае таксама падборку інфармацыі пра апошнія падзеі ва Ўкраіне.

У артыкуле “Ці чакаць міласьці ад дэпутата” “Кур’ер з Барысава” паведамляе, што гэтае пытаньне адрасуюць рэдакцыі чытачы газэты. Гаворка вядзецца пра тое, што прыватны сэктар гарадзкога раёну Залінейны сыстэматычна падтопліваецца ў слоту й непагадзь. Кандыдат у дэпутаты Леанід Козік напярэдадні выбараў абяцаў усё неадкладна выправіць. Дэпутатам Козік стаў, але на абяцанкі забыўся.

“Брестская газета” ў сёньняшнім нумары друкуе артыкул пад назваю “Які ён, дзелавы асяродак Беларусі?” У ім прыводзіцца справаздача з прэзэнтацыі маніторынгу Міжнароднай фінансавай карпарацыі, у якім, у прыватнасьці, паведамляецца, што мінулым годам праверкі розных дзяржаўных кантрольных органаў зьведала кожнае прадпрыемства краіны па 12 разоў. 90% гэтых праверак заканчваліся штрафамі, памер якіх пачынаўся зь 700 даляраў ЗША. Паводле маніторынгу, аплата арэнды памяшканьняў удвая перавышае афіцыйную лічбу, рэгістрацыя прадпрыемства доўжыцца неабмежаваны тэрмін, а кошт ліцэнзіі ў рэгіёнах – не аднолькавы, і вагаецца ад 180 да 340 даляраў ЗША.

Газэта “Віцебскі кур’ер паведамляе, што газэта “Полацкі весьнік” распачала змаганьне з вандаламі. Яна публікуе на старонках выданьня імёны тых палачанаў, каго засьпелі за ламаньнем дрэваў ці размалёўваньні сьценаў.

У сёньняшнім нумары “Камсамольскай праўды ў Беларусі” паведамляецца пра канфлікт вядомага беларускага атлета Івана Іванкова зь міністэрствам спорту і пра ягоны ад’езд у ЗША. А таксама пра тое, як іншы спартоўца Руслан Салей, вядомы сваёй падтрымкай Аляксандра Лукашэнкі, днямі атрымаў пашпарт грамадзяніна Расеі.