Беларускія палітыкі камэнтуюць сытуацыю ва Ўкраіне і выказваюць свае прагнозы

Ганна Соусь, Менск На просьбу Радыё Свабода пасьлявыбарчую сытуацыю ва Ўкраіне камэнтуюць былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол і Анатоль Краусуцкі й намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.
Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі выказвае занепакоенасьць у сувязі з апошнімі падзеямі ва Ўкраіне:

(Казлоўскі: ) “Вельмі хацелася, каб усё скончылася мірным шляхам. Тое, што былі фальсыфікацыі, то гэта спрацоўвае тая сыстэма, якая й у нас працавала. Але я ўсё ж прыхільнік таго, каб крокі да перамогі былі без супрацьстаяньня. Калі Ўкраіна стаіць на шляху да расколу, то гэта страшна. Хай пераможа Юшчанка, але я лічу недапушчальным захоп улады ў наш час”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі лічыць, што ўкраінскі народ зрабіў свой выбар.

(Красуцкі: ) “Я ня стаўлю пад сумнеў вынікаў выбараў ва Ўкраіне. Хочацца верыць, што ва Ўкраіне розум пераможа і будуць знойдзеныя кампрамісы. У гэтай сытуацыі павінны быць улічаны інтарэсы абодвух бакоў”.

Калега Анатоля Красуцкага дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол лічыць, што сытуацыю ва Ўкраіне патрэбна вырашыць у адпаведнасьці з Канстытуцыяй.

(Хрол: ) “Спадар Юшчанка прывядзе Ўкраіну да расколу і, можа быць, да грамадзянскай вайны. Калі ня будуць выкананыя дамоўленасьці, Украіна падзеліцца на дзьве часткі. На багатую ўсходнюю Ўкраіну і бедную заходнюю Ўкраіну. Мэтал, вугаль, трубы — на ўсходзе, там людзі езьдзяць на мэрсэдэсах і чорных бумэрах. Заходняя частка Ўкраіны — аграрная. Падзел, які адбудзецца аўтаматычна, ня будзе на карысьць жыхарам заходняй Украіны”.

А вось меркаваньне апазыцыйнага палітыка — намесьніка страшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча:

(Івашкевіч: ) “Улада (маецца на ўвазе Леанід Кучма) павінна прыняць пад увагу волю той паловы ўкраінскага народу, якая прагаласавала за Юшчанку і цяпер адстойвае яго права на прэзыдэнцтва. Сытуацыя зьменіцца ўсё роўна ў той бок, што да голасу гэтых людзей трэба будзе нашмат больш прыслухоўвацца, чым да выбараў”.

Як паведамляе прэсавая служба прэзыдэнта Беларусі, сёньня ў тэлефоннай размове Аляксандар Лукашэнка і Леанід Кучма абмеркавалі цяперашнюю сытуацыю ва Ўкраіне і пэрспэктывы яе разьвіцьця. Аляксандар Лукашэнка запрасіў Леаніда Кучму наведаць Беларусь з прыватным візытам, запрашэньне было прынята. Учора Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Віктара Януковіча зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах яшчэ да абвяшчэньня афіцыйных вынікаў галасаваньня.