Варшава хоча самастойна кантактаваць зь Менскам

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польшча настойвае на ўнясеньні зьменаў у праект рэзалюцыі Эўразьвязу ў справе Беларусі, якая мусіць быць ухваленая сёньня ў Брусэлі.
Дакумэнт, сярод іншага, прадугледжвае, што краіны-сябры Эўразьвязу ў кантактах зь Менскам можа прадстаўляць выключна краіна, якая кіруе ў дадзены момант Аб’яднанай Эўропай, высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў міжнародных справах, альбо Эўрапейская Камісія.

Варшава хоча дамагчыся права самастойна кантактаваць зь беларускімі чыноўнікамі, бо гэта, паводле польскіх уладаў, “неабходна для памежнага супрацоўніцтва” і “каб не пакінуць шматтысячную польскую меншасьць у Беларусі сам-насам са сваімі праблемамі”.

Міністар замежных справаў Польшчы Влодзімеж Цімашэвіч заявіў, што будзе пераконваць сваіх калегаў у Эўразьвязе, каб Брусэль больш актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі недзяржаўнымі арганізацыямі, бо такое супрацоўніцтва дае шанец на дэмакратычныя перамены ў Беларусі.

Як паведамляецца, у часе сёньняшняй сустрэчы у Брусэлі кіраўнік польскай дыпляматыі мае намер запрапанаваць таксама адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ў Менску.

Між тым некаторыя польскія газэты пішуць сёньня, што Эўразьвяз абавязкова пашырыць кола асобаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Аб’яднанай Эўропы, але сярод гэтых асобаў напэўна ня будзе Аляксандра Лукашэнкі.