У Кіеве гавораць пра магчымасьць “грузінскага” і немагчымасьць “беларускага” сцэнароў выбараў

Валер Каліноўскі, Менск Ва Ўкраіне завяршаецца агітацыя перад другім турам галасаваньня на выбарах прэзыдэнта. Выбарчая кампанія заканчваецца 21 лістапада. Штабы абодвух кандыдатаў — прэм’ера Віктара Януковіча і лідэра апазыцыі Віктара Юшчанкі — заяўляюць пра сваю ўпэўненасьць у перамозе і абвінавачваюць апанэнтаў у падрыхтоўцы фальсыфікацыяў і сілавога варыянту.
Напярэдадні са зваротам да ўкраінцаў выступіў Віктар Юшчанка. Ён заявіў, што ўся ўладная вэртыкаль пераўтвораная ў машыну для фальсыфікацыяў. Але апазыцыя зьбіраецца адстойваць сваю перамогу. Перадвыбарчыя штабы Юшчанкі ствараюць добраахвотныя дружыны, да акцыяў рыхтуюцца студэнты. Паралельны падлік галасоў апазыцыя зьбіраецца праводзіць на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве. У МУС Украіны заявілі пра незаконнасьць гэтай акцыі. Паплечнік Юшчанкі Юры Кастэнка кажа, што апазыцыя гатовая ў выпадку фальсыфікацыяў пайсьці на “грузінскі варыянт” аднаўленьня справядлівасьці.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу Януковіча Сяргей Цігіпка на гэта адказвае, што зь іх боку “таксама не трусяняты вушастыя сядзяць”, — маўляў, на іх падтрымку ў Кіеве выйдзе 40 тысяч шахцёраў і мэталюргаў. Давераная асоба Віктара Януковіча Тарас Чарнавол не выключае сілавога разьвіцьця падзеяў:

(Чарнавол: ) “Сёньня ўжо агучваюцца заявы ад “Нашай Украіны” і Блёку Юліі Цімашэнкі, што любыя варыянты, калі пераможцам будзе ня Юшчанка, ня могуць быць прызнаныя законнымі, і склікаюцца ўжо людзі пад будынак ЦВК. Мне гэта падаецца пагрозьлівым”.

А вось якім бачыць магчымае разьвіцьцё падзеяў дырэктар недзяржаўнага Інстытуту палітычнага мадэляваньня Даніла Янеўскі:

(Янеўскі: ) “Беларускі варыянт выключаны. Электаральная сытуацыя цалкам зразумелая, нацыя масава падтрымлівае Юшчанку. Ва ўлады ёсьць толькі два выхады з гэтай сытуацыі. Гэта масавая брутальная фальсыфікацыя і абвяшчэньне Януковіча прэзыдэнтам Украіны да афіцыйнага агалошваньня вынікаў, альбо сілавы варыянт”.

Аднак спадар Янеўскі, улічваючы стан украінскага войска, не разглядае сілавы варыянт як верагодны. А вось “грузінскага” варыянту ён не выключае:

(Янеўскі: ) “Абсалютна нельга выключаць таго, што зьбярэцца 100–150 ці 200 тысяч чалавек, якія проста занясуць Юшчанку на руках у адміністрацыю прэзыдэнта. Гэта будзе чэскі ці грузінскі сцэнар, як заўгодна яго назавіце, сэрбскі”.

Паводле Данілы Янеўскага, вынікі апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў сьведчаць пра перавагу Віктара Юшчанкі ў 8%, за яго гатовыя прагаласаваць 44% апытаных, за Януковіча — 36%.

Тым часам дзейны прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма адмовіўся падпісваць прыняты ўчора Вярхоўнай радай закон аб забароне галасаваньня з выкарыстаньнем адмацавальных талёнаў. Такіх талёнаў ужо выдадзена больш за 1 мільён. На думку Вярхоўнай Рады, гэты закон спрыяў бы мінімізацыі фальсыфікацыяў і парушэньняў падчас выбараў. Тым ня менш, апошняе рашэньне Вярхоўнай рады сьведчыць, што Юшчанку перад другім турам удалося стварыць новую палітычную кааліцыю.