А.Лукашэнка звольніў старшыню КГБ Леаніда Ерына, вядомыя палітыкі разважаюць пра прычыны адстаўкі

Юры Сьвірко, Менск Афіцыйная фармулёўка звальненьня шэфа КГБ — “у зьвязку зь пераходам на іншую працу”. Аднак супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі кажуць, што “апошняй кропляй для Лукашэнкі сталася сустрэча Ерына з апазыцыяй”. Пра новага старшыню КГБ пакуль не паведамляецца. Вядомыя палітыкі камэнтуюць магчымыя прычыны адстаўкі Ерына.
Як паведаміла прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, ён вызваліў Леаніда Ерына з пасады старшыні КГБ 18 лістапада. Спадар Ерын, які займаў гэтую пасаду зь лістапада 2000 году, залічаны ў распараджэньне Камітэту дзяржбясьпекі.

Сябра Савету бясьпекі Беларусі Ўладзімер Канаплёў — новы сьпікер Палаты прадстаўнікоў — даведаўся пра гэты ўказ ад карэспандэнта Радыё Свабода. Спадар Канаплёў дадаў, што Леанід Ерын прадстаўляў у парлямэнце законы, яны заўжды прымаліся, але зазначыў:

(Канаплёў: ) “Ерын — гэта кампэтэнцыя нашага прэзыдэнта. Калі прэзыдэнт прыняў такое рашэньне, я лічу, што ён слушна яго прыняў”.

Аднак блізкі да Леаніда Ерына супрацоўнік КГБ, які працаваў зь ім у адным кабінэце на пасадах простых апэратыўных работнікаў, заявіў Радыё Свабода, што “апошняй кропляй для Лукашэнкі сталася сустрэча Ерына з апазыцыяй”. Нагадаю, роўна месяц таму, на наступны дзень пасьля рэфэрэндуму, Леанід Ерын выйшаў да дэманстрантаў і потым пусьціў у будынак КГБ групу апазыцыянэраў на чале з Паўлам Севярынцам. На думку майго суразмоўцы, гэта быў “недаравальны ўчынак”.

Леаніду Ерыну ўчора споўнілася 53 гады. Ён нарадзіўся ў Воршы й пачынаў кар’еру ў КГБ на Віцебшчыне. У сярэдзіне 1980-х гадоў служыў у Афганістане, да 1989 году працаваў у Менску ў КГБ БССР, але потым пераехаў у Маскву і займаў пасады ў цэнтральным апараце КГБ СССР. Да 1995 году спадар Ерын, маючы расейскае грамадзянства, ачольваў управу Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі па Маскве і Маскоўскай вобласьці. Але 20 кастрычніка 1995 году быў прызначаны намесьнікам старшыні КГБ Беларусі, у сьнежні таго ж году Аляксандар Лукашэнка падвысіў яго да першага намесьніка.

У 2000 годзе спадар Ерын стаў начальнікам Службы бясьпекі прэзыдэнта 25 верасьня, а праз два месяцы быў прызначаны старшынём КГБ замест Уладзімера Мацкевіча. Тады ж Аляксандар Лукашэнка прызначыў Віктара Шэймана генэральным пракурорам замест Алега Бажэлкі, якога звольнілі “ў зьвязку зь пераходам на іншую працу” (як і цяпер спадара Ерына).

Але спадар Бажэлка дагэтуль новай пасады не атрымаў. Звальненьні Мацкевіча й Бажэлкі зьвязвалі зь іхнымі актыўнымі дзеяньнямі ў справе расьсьледаваньня зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага.

Павал Севярынец, якога пасьля сустрэчы са старшынём КГБ затрымалі й асудзілі на 15 сутак арышту, распавёў, што ў прыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна яго цэлую гадзіну дапытвалі два кагэбісты, якія цікавіліся зьместам ягонай размовы зь Леанідам Ерыным.

У спадара Севярынца, паводле ягоных словаў, зьявілася адчуваньне, што ў КГБ супраць спадара Ерына ідзе ўнутранае расьсьледаваньне і зьбіраюць адпаведную інфармацыю.

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў не выключае, што Леанід Ерын будзе запатрабаваны на іншай дзяржаўнай пасадзе.

(Канаплёў: ) “Вы памятаеце, што ў нас ня толькі Ерын пайшоў у адстаўку — і раней былі адстаўкі. І раней зь нейкіх пасадаў хтосьці звальняўся. Той жа прыклад з Мальцавым, міністрам абароны. Ён вярнуўся і дагэтуль працуе — цудоўна працуе. Таму ўсё залежыць ад самога кіраўніка”.

Але блізкі да Леаніда Ерына супрацоўнік КГБ у размове з карэспандэнтам Радыё Свабода сказаў, што спадар Ерын “прафэсіянал высокага ўзроўню і калі ягоны прафэсіяналізм не спатрэбіцца ў Беларусі, дык ён можа вярнуцца ў Маскву”.

На думку гэтага супрацоўніка КГБ, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, вяртаньне Леаніда Ерына ў Камітэт немажлівае пасьля таго, як туды былі ім запрошаныя прадстаўнікі апазыцыі.

Такое ж меркаваньне выказаў і адзін зь вядомых апазыцыянэраў Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Пра тое, што ён такі лагодны й здольны да кампрамісаў, да размоваў, да нейкіх кансультацыяў, — пра гэта ведала вузкае кола людзей. А цяпер уся краіна ды ўвесь сьвет пабачылі, што беларускім КГБ кіруе чалавек, які мае добрыя палітычныя задаткі й чалавечыя якасьці, якія прывабныя для людзей. Гэта, безумоўна, сваю ролю адыграла”.

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў з гэтым ня згодны:

(Канаплёў: ) “Я думаю, што гэта ні ў якім разе не было прычынай таго, што Ерын цяпер у адстаўцы. Чаму — таму, што я ў сваім кабінэце, а ў мяне таксама немалая пасада, прымаў не аднаго прадстаўніка апазыцыі й працягваю прымаць — хто б да мяне ні зьвяртаўся”.

Яшчэ адзін дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч, які прэтэндуе на пасаду старшыні камісіі ў справах нацыянальнай бясьпекі, сказаў Радыё Свабода, што адстаўка Ерына была даўно заплянаванай.

(Гайдукевіч: ) “Я зацікаўлены чалавек, я магу толькі адно сказаць — што я б вітаў, калі б прызначылі Сяргея Сьцяпанавіча (sic!) Сухарэнку. Я не магу ацаніць працу Ерына так глыбока, як магу ацаніць, напрыклад, людзей, якіх я ведаю асабіста. Я Ерына асабіста ня ведаў. Я як прафэсіянал у пэўнай ступені лічу, што адстаўка заканамерная. Толькі не хачу прыпісваць ніякіх палітычных падзеяў — гэта надумана”.

Спадар Гайдукевіч дадаў, што спадара Сухарэнку — цяперашняга першага намесьніка старшыні КГБ — ён ведае з часоў прэм’ерства Вячаслава Кебіча й мяркуе, што гэта найлепшы кандыдат на пасаду кіраўніка гэтага ведамства. Сьцяпан Сухарэнка апошні месяц выконваў абавязкі старшыні КГБ.