Аляксандр Лукашэнка загадаў зьвесьці на нуль міжнароднае ўсынаўленьне й аздараўленьне дзяцей за мяжой

Галіна Абакунчык, Менск Падчас учорашняй прамовы ў Нацыянальным сходзе Аляксандр Лукашэнка загадаў зьвесьці на нуль дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў, якія займаюцца аздараўленьнем беларускіх дзяцей за межамі краіны, і перадаць гэтае права дзяржаўным арганізацыям. Ён таксама пацьвердзіў сваё ранейшае распараджэньне зрабіць больш жорсткай сыстэму міжнароднага ўсынаўленьня беларускіх сіротаў і надаць большую ўвагу стварэньню сямейных дзіцячых дамоў у Беларусі.
Дзіцячыя сямейныя дамы – гэта такая форма працы, калі сям’я бярэ на выхаваньне дзіця й атрымоўвае за гэта заробак. На сёньня ён складае каля 250 тысячаў беларускіх рублёў, і адмыслоўцы кажуць, што часта здараецца так, што людзі бяруць дзяцей ад безграшоўя. Яны маюць сваіх дзяцей, але ня маюць вопыту й магчымасьці выпраўляць заганы псыхікі, якія прыёмныя гадаванцы набываюць у інтэрнатах. Афіцыйна такой статыстыкі не існуе, але вельмі шмат выпадкаў, калі такія сем’і ізноў вяртаюць прыёмных дзяцей у інтэрнаты.

Што да міжнароднага ўсынаўленьня, якое зь 1 лістапада ўвогуле прыпынена, то вось што пра гэта мяркуе кіраўніца Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацьцяна Процька (яна, дарэчы, ёсьць верніцай смалявіцкага касьцёлу Сьвятога Валянціна, які апякуецца дзецьмі-сіротамі):

(Процька: ) “Для дзяцей – гэта найлепшы варыянт, тут і думаць няма чаго. Яны ж бяруць дзяцей не здаровых, а любых, хворых дзяцей, тых, якіх у нас ня возьмуць. А прэзыдэнт – ён, наогул, шмат чаго ня ведае з таго, што адбываецца ў жыцьці”.

Паводле заявы Аляксандра Лукашэнкі, на сёньня ў Беларусі каля 130 арганізацыяў, якія займаюцца аздараўленьнем дзяцей за мяжой. Зь іх 115 грамадзкіх, 9 рэлігійных і 4 дзяржаўныя. Паводле яго, варта намагацца, каб замежныя фундатары пераводзілі грошы на аздараўленьне дзяржаўным структурам, а тыя аздараўлялі дзяцей на тэрыторыі Беларусі? Ці магчыма такое?

Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што замежныя фундатары – гэта ў пераважнай бальшыні прыватныя асобы альбо грамадзкія арганізацыі, якія працуюць на падставе асабістых кантактаў і знаёмстваў зь беларускімі партнэрамі. Яны ня будуць пераводзіць грошы на нейкія невядомыя дзяржаўныя рахункі, каб пасьля – як сказаў Лукашэнка – прыяжджаць сюды й кантраляваць, як яны выкарыстоўваюцца. Гэта азначае толькі адно – згортваньне дабрачыннай дапамогі й робіцца гэта адмыслова. Гэта ў інтэрвію Свабодзе заявіў дырэктар зачыненага Беларускага ліцэю Ўладзімер Колас, які ў свой час трымаў дабрачынныя кантакты з замежжам.

(Колас: ) “За гэтым праглядаецца жаданьне кантраляваць усе кантакты з Захадам, каб абараніцца ад так званай чужой ідэалёгіі. Гэта значыць, ад свабоды ідэй, ад свабоды думак, ад таго, каб сюды патраплялі бацылы вольнадумства”.