Аляксандар Лукашэнка паабяцаў даць плуг Уладзімеру Парфяновічу

Уладзімер Глод, Менск Апоўдні 17 лістапада ў Палацы рэспублікі Аляксандар Лукашэнка наладзіў разьвітальны прыём з нагоды заканчэньня паўнамоцтваў сябраў Нацыянальнага сходу другога скліканьня. Разам зь ім у Палац прыйшлі й іншыя высокія асобы, якія, як і кіраўнік дзяржавы, праігнаравалі апошнія пленарныя паседжаньні кожнай з абедзьвюх палатаў старога складу.
Прыёму (менавіта так азначалася гэтае мерапрыемства ў запрашальных білетах) папярэднічала падпісаньне афіцыйных вынікаў рэфэрэндуму ў Авальнай залі.

У прамове перад новымі дэпутатамі Аляксандар Лукашэнка заклікаў іх арыентавацца на папярэднікаў і паведаміў новым дэпутатам, каб тыя групаваліся па рэгіёнах, і не стваралі палітычных групаў і фракцыяў.

На прыёме перад былымі дэпутатамі Аляксандар Лукашэнка выступаў коратка. Ён падзякаваў за працу, сказаў, што парлямэнт, які сышоў, быў найлепшым з папярэдніх. Асабіста нікога з дэпутатаў прамоўца ня згадваў.

Пасьля кіраўнік дзяржавы з келіхам шампанскага абышоў былых дэпутатаў, якія хутка падзяліліся на купкі паводле інтарэсаў. У трохразовага алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча ён пацікавіўся, чым той цяпер займаецца.

Парфяновіч адказаў коратка: “На вольных хлябах”. Лукашэнка сказаў: “Плуг трэба даць”. Парфяновіч разьвёў рукамі: “Няма плуга”. Лукашэнка паабяцаў: “Дадзім”. І пайшоў да іншых былых дэпутатаў.

Сяргею Скрабцу пытаньнем пра тое, што той зьбіраецца зьмяніць грамадзянства, кіраўнік беларускай дзяржавы даў выразна зразумець, што ведае пра ліст экс-дэпутата да Ўладзімера Пуціна, у якім спадар Скрабец прасіў палітычны прытулак у Расеі. Лукашэнка параіў Скрабцу добра падумаць раней, чым пакідаць Беларусь.

Між тым, паводле інфармацыі Сяргея Скрабца, ніводзін зь сябраў былой дэпутацкай групы “Рэспубліка” пакуль не ўладкаваўся на новай працы.